Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/177

Гэта старонка была вычытаная

— Таму што, калі гаспадыня ўбачыць, што нясе хто-небудзь іншы, яна паб‘е мяне.

Незнаёмы перадаў ёй вядро. Праз хвіліну яны ўвайшлі ў шынок.

XXXVII

ЛЯЛЬКА З‘ЯЎЛЯЕЦЦА НА СЦЭНУ

Казета не магла стрымацца, каб не зірнуць на вялікую, ляльку, якая красавалася ў акне магазіна, потым пастукалася. Дзверы расчыніліся. На парозе паказалася гаспадыня з свечкаю ў руцэ.

— А, гэта ты, нягодніца! Дзякуй богу, пара табе ўжо вярнуцца! Напэўна, загулялася дзе-небудзь, дрэннае дзяўчо!

— Сударыня, — адказала Казета, уся ўздрыгваючы, — вось пан жадае ў вас пераначаваць.

Тэнард‘е адразу змяніла злосны выраз твара, зрабіла любезную грымасу і прагна накіравала позірк на прышоўшага.

— Гэты пан? — запытала яна.

— Так, сударыня, — адказваў незнаёмы, датыкаючыся рукою да краю свайго капелюша.

Багатыя падарожнікі не бываюць такія далікатныя. Гэты жэст і бедны агляд вопраткі, зроблены Тэнард‘е, жалкі багаж прахожага адразу сагналі ўсмешку з яе твара і прымусілі зноў прыняць злосны выраз.

— Заходзьце, дзядок!

„Дзядок“ увайшоў. Тэнард'е яшчэ раз змерыла яго позіркам, прычым асабліва старанна агледзела яго сурдут, які быў вельмі пацёрты, і капялюш, злёгку пакамечаны, непрыкметна кіўнула галавой і мірганула мужу, які сядзеў і выпіваў з вознікамі. Яна нібы моўчкі раілася з ім. Муж адказаў лёгкім рухам указальнага пальца, што разам з рухам губ азначала: голь перакатная. Пасля гэтага гаспадыня сказала:

— Вось што, паважаны, на жаль у мяне няма для вас месца.

— Пакладзіце мяне хоць дзе-небудзь, — адказваў прахожы, — ну, хоць на гары ці ў стайні. Я ўсёроўна заплачу, як за пакой.

— Сорак су.

— Сорак су, няхай.

— Ну і добра!

— Сорак су? — сказаў адзін вознік ціха гаспадыні. — Мы-ж плоцім па дваццаць.

— Гэта для яго сорак, — адказвала так-жа ціха Тэнард‘е. — Я не пускаю бедных танней.