Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/183

Гэта старонка была вычытаная

— Дрэнная птушка была гэта яе маці, — казала далей Тэнард‘е. — Дык яна і кінула сваю дзяўчынку.

У час гэтай гутаркі Казета, нібы інстынктыўна адчуваючы, што гавораць пра яе, не зводзіла вачэй з шынкаркі. Зрэдку да яе невыразна даляталі адрыўкі яе слоў.

П‘яныя вознікі, між тым, па-ранейшаму гарлапанілі свае песні ўсё з большым і з большым захапленнем. Тэнард‘е-жонка таксама падышла да вясёлай кампаніі і прыняла ўдзел у агульнай весялосці. Казета з-пад стала глядзела на агонь, які адсвечваўся ў яе пільна накіраваных вачах; яна зноў пачала закалыхваць сваю ўвабражальную ляльку, паціхеньку напяваючы: „Мая мамачка памерла! Мая мамачка памерла! Мая мамачка памерла!“

Пры новым прыставанні гаспадыні госць згадзіўся, нарэшце, павячэраць.

— Чаго вы жадаеце, судар?

— Хлеба і сыру, — адказаў той.

„Ну, вядома, гэта жабрак“, — падумала Тэнард‘е.

Раптам Казета спынілася. Яна выпадкова абярнулася і заўважыла ляльку маленькіх Тэнард‘е, кінутую імі дзеля кацяняці за некалькі крокаў ад кухоннага стала. Тады яна пакінула абломак шпагі, задавальняўшай яе толькі напалову, і паволі абвяла вачыма пакой. Гаспадар і гаспадыня паціхеньку гутарылі паміж сабою і лічылі выручку; Эпаніна і Азельма гулялі з кошкай; госці пілі, елі ці спявалі; ніхто не глядзеў на яе. Нельга было траціць ніводнай хвіліны. Яна на чацвярэнках выпаўзла з-пад стала, яшчэ раз упэўнілася, што ніхто на яе не глядзіць, хутка падкралася да лялькі і схапіла яе. Праз хвіліну яна зноў сядзела на сваім месцы, ціха, нерухома, павярнуўшыся толькі так, каб лялька была ў ценю. Шчасце пагуляць з лялькай было такое рэдкае, што для яе яно з‘яўлялася надзвычайнай асалодай.

Ніхто не заўважыў гэтага, апрача незнаёмага, які паволі знішчаў сваю небагатую вячэру.

Радасць яе цягнулася з чвэрць гадзіны.

Як ні вялікі былі перасцярогі, ужытыя Казетай, яна тым не менш не заўважыла, што адна нага лялькі тырчэла вонкі і агонь асвятляў яе вельмі ясна. Гэта кінулася ў вочы Азельме, якая сказала Эпаніне:

— Паглядзі-тка!

Абедзве дзяўчынкі са здзіўленнем спыніліся. Казета адважылася дакрануцца да лялькі!

Эпаніна ўстала і, не выпускаючы з рук кошкі, падышла да маці і пачала торгаць яе за спадніцу.

— Ах, адчапіся! — ускрыкнула маці. — Чаго табе трэба?