Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/191

Гэта старонка была вычытаная

— Гэта наша парадная спальня, — адказаў шынкар. — Мы з жонкаю займаем зараз другі пакой. Сюды-ж рэдка хто заходзіць.

— Я лепш-бы пайшоў у стайню, — адказаў рэзка госць.

Тэнард‘е зрабіў выгляд, што не чуў гэтай недалікатнай заўвагі.

Ён запаліў дзве васковыя свечкі на каміне. У ачагу гарэў агонь.

Калі незнаёмы абярнуўся, гаспадара ўжо не было ў пакоі. Тэнард‘е схаваўся непрыкметна, не сказаўшы нават гасцю дабранач, не жадаючы ў гэтую хвіліну турбаваць таго, каго збіраўся абабраць наступнай раніцай.

Шынкар увайшоў у свой пакой. Жонка ўжо была ў пасцелі, але не спала. Калі яна пачула, што ўвайшоў муж, яна павярнулася да яго і сказала:

— Ведаеш, я заўтра выкіну Казету на вуліцу.

Тэнард‘е холадна заўважыў:

— Ты вельмі спяшаешся!

Больш яна не праказала ні слова, і праз некалькі хвілін святло ў пакоі пагасла.

З свайго боку падарожнік паклаў у кут свой кій і клунак, сеў на крэсла і задумаўся на момант. Потым зняў чаравікі, узяў адну свечку, пагасіў другую, адчыніў дзверы і вышаў з пакоя, азіраючыся вакол, нібы шукаючы чагосьці. Ён прайшоў калідор і дайшоў да лесніцы. Тут ён пачуў лёгкае дыханне, падобнае да дыхання дзіцяці. Ён пайшоў на гэты гук і дабраўся да невялікай трохкутнай прасторы пад лесніцай. Тут, у кучы смецця і пылу, сярод старога рыззя і павуціння, ляжала пасцель, калі можна назваць пасцеллю падраны сяннік, з якога тырчэла салома, і коўдру, усю ў дзірках. Прасціны не было. Усё гэта валялася на падлозе. На гэтай пасцелі спала Казета. Незнаёмы падышоў і пачаў глядзець на яе.

Казета спала моцным сном: яна не распраналася. Зімою яна не знімала сукенкі, каб было цяплей.

Яна моцна прыціскала да сябе ляльку, шкляныя вочы якой блішчэлі ў цемнаце.

Часам з грудзей дзяўчынкі вырываўся глыбокі ўздых, нібы яна прачыналася; пры гэтым яна канвульсіўна прыціскала ляльку да сябе. Каля пасцелі стаяў толькі адзін яе чаравік.

Адчыненыя дзверы ля катуха Казеты вялі ў даволі вялікі цёмны пакой. Незнаёмы ўвайшоў у яго. У глыбіні скрозь шкляныя дзверы відаць былі ў другім пакоі два беласнежныя маленькія ложкі — Эпаніны і Азельмы. Госць здагадаўся, што гэты пакой злучаецца з пакоем пары Тэнард‘е. Ён хацеў ужо пайсці, як раптам позірк яго