— Дваццаць тры франкі! — ускрыкнула жонка з захапленнем, змешаным з некаторым хістаннем.
Як і ўсе вялікія артысты, Тэнард‘е не быў задаволены.
— Ну, вось яшчэ! — запярэчыў ён.
— Ты вядома, маеш усе падставы, — запярэчыла жонка. — Ён нам іменна столькі вінен, — дадала яна, успомніўшы пра дарагую ляльку, падораную незнаёмым Казеце ў прысутнасці яе дачок. — Але гэта ўжо занадта многа, ён не захоча заплаціць.
Тэнард‘е засмяяўся сваім халодным смехам і сказаў:
— Заплоціць!
Гэты смех выражаў вышэйшую ўпэўненасць і сазнанне справядлівасці: як сказана, так і павінна здарыцца. Жонка не настойвала больш. Яна пачала прыбіраць сталы, а ён пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі. Праз хвіліну ён дадаў:
— Я вінен па меншай меры паўтары тысячы франкаў!
Ён сеў ля ачага ўсё ў размышленні і паставіў ногі ў гарачы попел.
— Ах, вось! — ускрыкнула жонка. — Ты не забыў, што я сёння выганяю вон Казету? Гэтая істота проста надрывае мне сэрца сваёю лялькай. Ні за што лішняга дня не пакіну яе ў доме.
Тэнард‘е закурыў люльку і праказаў паміж двух зацяжак:
— Ты перадасі рахунак гэтаму чалавеку.
Потым ён вышаў з пакоя. Ледзь зачыніліся за ім дзверы, як туды ўвайшоў падарожны.
Тэнард‘е адразу-ж з‘явіўся ўслед за ім у прычыненых дзвярах, бачны толькі сваёй жонцы. У невядомага ў руках быў клунак і кій.
— Так рана ўжо на нагах? — сказала яна. — Хіба вы, судар, нас пакідаеце?
Праказаўшы гэтыя словы, яна ў нерашучасці круціла ў руках рахунак, комкаючы яго паміж пальцаў. Жорсткі твар яе меў непрывычны выраз палахлівасці і нясмеласці.
Падаць такі рахунак чалавеку, які мае выгляд жабрака, здавалася ёй некалькі няёмкім.
Падарожнік здаваўся заклапочаным і няўважлівым. Ён адказаў:
— Так, сударыня, я іду.
— Хіба ў вас няма спраў ў Манфермейлі?
— Няма, я толькі мімаходзь папаў сюды. Вось і ўсё. Колькі я вінен вам? — дадаў ён.
Тэнард‘е, замест адказу, падала яму лісток паперы. Ён