Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

што ішла гутарка? Вы, здаецца мне сказалі, што 1793 год быў страшны?

— Так, страшны. Якой вы думкі аб Мараце?[1], які апладыраваў гільятыне?[2]

— А што вы думаеце пра Басюэ[3], які спяваў „Цябе, бога, хвалім“ па поваду драганад?[4]

Адказ быў рэзкі і дасягнуў мэты. Епіскап уздрыгануўся і не знайшоў, што адказаць; ён пакрыўдзіўся на такія непачцівыя адносіны да Басюэ. Самыя вышэйшыя розумы маюць сваіх куміраў і часам адчуваюць страшэнную крыўду, калі іншыя непачціва адносяцца да іх. Паміраючы пачаў, між тым, задыхацца, удушша перапыніла гаворку, але вочы яго як і раней былі ясныя.

— Мне вельмі хочацца яшчэ пагутарыць крыху пра тое-сёе,—зноў пачаў ён.—Увогуле французская рэволюцыя—вялікі гуманітарны рух. Вы знаходзіце 1793 год жахлівым, але што вы скажаце пра манархію, судар? Я шкадую, судар, Марыю-Антуанету, эрц герцагіню і каралеву, але мне шкада таксама і той жанчыны-гугеноткі[5], якую ў 1685 годзе, у часы царавання Людовіка вялікага, прывязалі аголеную па пояс да слупа; на пэўнай адлегласці ад яе трымалі яе галоднае дзіця; малютка, прагаладаўшыся і бачачы грудзі маці, прарэзліва крычаў, а кат гаварыў: „Адракайся!“ Жанчыне-маці-карміліцы было прадастаўлена адно з двух: або галодная смерць дзіцяці, або смерць сумлення. Што вы скажаце пра гэтыя пакуты Тантала, на якія асудзілі маці? Судар, запомніце гэта: французская рэволюцыя мела свае прычыны. Яе вынікі—гэта паляпшэнне свету. Я спыняюся. Да таго-ж, я паміраю.—Зірнуўшы на епіскапа, паміраючы дадаў некалькі спакойна:—Так, грубыя праяўленні прагрэса называюцца пераваротамі. Калі яны скончаны, можна ўбачыць, што чалавецтва атрымала жорсткі ўрок, але пасунулася наперад.

  1. Марат Жан-Поль—адзін з выдатных правадыроў рэволюцыйнай дробнай буржуазіі ў эпоху буржуазнай Французскай рэволюцыі. Забіты у 1793 годзе дваранкай Шарлотай Кардэ.
  2. Гільятына—машына для абезгалоўлівання асуджаных; уведзена ў Францыі ў 1792 годзе.
  3. Басюэ—вядомы французскі прапаведнік XVII ст., тэарэтык абсалютнай манархіі (1665—1715).
  4. Драганада—ваенны пастой з драгунаў, які назначаўся каралём Людовікам XIV для гвалтоўнага пераводу гугенотаў ў каталіцтва.
  5. Гугеноты—такую назву атрымалі ў Францыі людзі, якія адшчапіліся ад каталіцтва і прынялі веравучэнне так званай пратэстанцкай царквы. У той час, калі ў Германіі галоўнае значэнне набылі прыхільнікі Лютэра—лютэране,—у Швейцарыі і Францыі ўкараніліся паслядоўнікі Жэнеўскага прапаведніка Кальвіна. Гугеноты—скажонае ў Францыі слова „Эйдгевоссен“, г. зн. члены саюза кальвіністаў.