Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/204

Гэта старонка была вычытаная

ён дабраўся да Парыжа. Потым мы бачылі яго ў Манфермейлі. Першым клопатам яго пасля прыбыцця ў Парыж было купіць жалобнае ўбранне для дзяўчынкі год сямі ці васьмі, потым адшукаць сабе кватэру. Зрабіўшы гэта, ён адправіўся ў Манфермейль. Яго лічылі памёршым, і гэта згусціла цемру, што атуляла яго. У Парыжы яму трапіла ў рукі газета, якая паведамляла пра яго смерць. Ён супакоіўся зусім, нібы сапраўды быў памёршы.

Увечары, у той самы дзень, калі Жан Вальжан вырваў Казету з кіпцюроў Тэнард‘е, яны былі ў Парыжы. Яны ўвайшлі ў горад, калі ўжо амаль зусім сцямнела, праз заставу Мансо. Яны селі ў кабрыялет, які даставіў іх на плошчу Обсерваторыі. Тут яны вышлі, ён адпусціў возніка, узяў Казету за руку, і абодва сярод цёмнай вочы дайшлі па пустынных вуліцах да бульвара Опіталь.

Для Казеты гэта быў дзіўны дзень, поўны душэўных хваляванняў. Яна ні на што не скардзілася, але вельмі змарылася, і Жан Вальжан заўважыў гэта па абцяжэлай руцэ яе, якую ён трымаў у сваёй далоні. Тады ён узяў яе на рукі. Казета, не выпускаючы Кацярыны з рук, паклала галаву на плячо Жана Вальжана і заснула.

ХL

ХАЛУПА ГАРБО

Год сорак таму назад у самым далёкім і пустынным квартале Парыжа стаяў напалову разбураны дом, які наводзіў смутак на ўсякага прахожага сваім выглядам. То быў аднапавярховы будынак, які здаваўся на першы погляд халупай, а ў сапраўднасці вялізная пабудоза, схаваная напалову плотам. Дзверы, збітыя з старых, з‘едзеных чарвямі дошак, з вуліцы вялі на высокую крутую лесніцу, пыльную, брудную і запушчаную. Яна заканчвалася наверсе вузкім прасветам паміж двух сцен. Побач з дзвярыма знаходзілася акно з вялікім пераплётам рамы, шыбы якой шмат дзе былі павыбіваны. Унутры дома быў даўгі калідор з каморкамі рознай велічыні па абодвух баках, якія выходзілі вокнамі на суседнія пусткі. Усё было цёмна, неахайна, брудна, агідна, бязрадасна, сумна. Куты затканы страшэнным павуціннем.

Паштальёны называлі гэты будынак №50—52, па нумарах, напісаных на дзвярах невядома чаму. У акалодку-ж усе ведалі яго пад імем Халупы Гарбо. Гэта было прозвішча ранейшага яе ўладара.

Цяпер ужо не асталося і следу ад усяго гэтага. Паблізу быў пабудаваны вакзал чыгункі, і старое, адзінотнае прад-