Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/214

Гэта старонка была вычытаная

Ён заплаціў, злуючы на сябе за тое, што падаў повад на заўвагу. Уцёкі павінны быць падобны да катання па ільду.

Адначасова з ім праз мост перапраўлялася вялікая павозка. Гэта яму спрыяла. Ён мог прайсці ў яе ценю.

Каля сярэдзіны маста Казета, у якой замлелі ногі, захацела ісці пеша. Ён паставіў яе на зямлі і зноў узяў за руку.

Прайшоўшы мост, ён заўважыў некалькі ўправа перад сабою дравяныя двары і накіраваўся туды. Каб дабрацца да двароў, прышлося прайсці даволі вялікую адкрытую і асветленую месяцам адлегласць. Ён не раздумваў. Праследвальнікі яго напэўна згубілі сляды, і Жан Вальжан лічыў сябе збаўленым ад небяспекі. Яго шукалі — гэта праўда, але не ішлі ўжо па пятах.

Між гэтых лясных двароў цягнулася вузенькая вуліца. Яна была цёмная і нібы знарок зробленая для яго. Перш чым узыйсці на яе, ён уважліва азірнуўся.

З таго месца, дзе ён стаяў цяпер, ён бачыў мост ва ўсю яго даўжыню. На яго ўзышлі чатыры цені. Гэтыя цені ішлі да правага берага. То былі тыя-ж самыя чатыры чалавекі. Жан Вальжан здрыгануўся, як злоўлены звер.

Яму аставалася адна толькі надзея: магчыма, людзі гэтыя не ўзыходзілі яшчэ на мост і не бачылі яго, калі ён пераходзіў з Казетай праз асветленае месяцам месца.

У такім выпадку ён, паглыбіўшыся ў гэтую вузенькую вуліцу, дабярэцца да незабудаваных месц і здолее ўцячы. Яму здавалася, што можна даверыцца гэтаму цеснаму пустому завулку.

Прайшоўшы крокаў трыста, ён убачыў, што вуліца разыходзілася ў два бакі, направа і налева. Куды ісці? Ён нядоўга хістаўся і пайшоў направа. Чаму? Таму што левая вуліца ішла да прадмесця, гэта значыць да заселеных месц, правая-ж вяла ў поле, гэта значыць у месцы бязлюдныя.

Ён больш не спяшаўся. Казета, апрача таго, замаруджвала яго крокі.

Ён зноў узяў яе на рукі. Казета схіліла галаву на яго плячо і маўчала. Час ад часу ён азіраўся. Ён стараўся ісці па цёмным баку вуліцы. Дарога ішла ўсё проста. Першыя два ці тры разы, калі ён азірнуўся, ён нічога не ўбачыў. Цішыня была поўная, і ён ішоў наперад, некалькі заспакоіўшыся.

Раптам, калі ён азірнуўся яшчэ раз, яму здалося, што за ім штосьці рухалася. Ён кінуўся наперад, спадзеючыся