Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/230

Гэта старонка была вычытаная

— Я яго прымусіў толькі што заплаціць два су, — адказваў стары.

Жавер узышоў на мост у тую хвіліну, калі Жан Вальжан, ведучы Казету за руку, пераходзіў праз асветленае месяцам адкрытае месца. У гэты час міма праходзіў патруль. Жавер захапіў яго з сабою.

Потым пачалася лоўля. Жавер радаваўся, упэўнены, што цяпер вось, нарэшце, здабыча не выслізне з яго рук. Ён упэўнены быў у поспеху. Аставалася толькі сціснуць здабычу ў кулаку.

Ён ішоў паволі і асцярожна, пільна аглядаючы ўсе закавулкі. Калі-ж ён дайшоў да цэнтра павуціны, то мухі ў ёй не знайшлося.

Можна сабе ўявіць яго абурэнне! Расчараванне яго межавала з роспаччу і з ярасцю. Ён пачаў дакараць сябе ў недаравальных промахах. Чаму ён не схапіў злачынца адразу-ж, як пазнаў у твар? Навошта ўсе ўжытыя ім перасцярогі ў паляванні за такой дзічынай, як катаржнік? Гэтым ён толькі спужаў здабычу, даўшы ёй магчымасць уцячы. Асабліва-ж многа нарабіў ён глупстваў, пачынаючы ад Аўстэрліцкага моста. Ён надта спадзяваўся на сябе. А гэта была толькі трата дарагога часу. Не гледзячы, аднак, на гэтыя промахі, Жавер быў лепшы ў свеце шпіён. Ён быў тое, што на паляўніцкай мове называецца разумным сабакам. Але хіба на зямлі існуе дасканаласць? Найвыдатнейшыя палкаводцы таксама робяць памылкі.

Тым не менш у тую хвіліну, калі Жавер убачыў, што Жан Вальжан знік, ён не страціў галавы. Упэўнены, што злачынец не мог далёка ўцячы, ён арганізаваў цэлую асаду, паставіў часавых і вартаваў завулак цэлую ноч. Першае, што яму кінулася ў вочы, была адрэзаная ад ліхтара вяроўка. Гэта збіла яго з панталыку. У завулку было шмат сцен, за якімі цягнуліся палі пад папарам. Жавер туды накіраваў свае пошукі і, вядома, нічога не знайшоў.

На світанні ён пакінуў на варце ў завулку двух кемлівых людзей, сам-жа вярнуўся ў прэфектуру, збянтэжаны, як сышчык, злоўлены злодзеем.

XLVI

СПОСАБ УВАЙСЦІ Ў МАНАСТЫР

Жан Вальжан, які выратаваўся такім незвычайным спосабам, нечакана апынуўся ў жаночым манастыры, куды па яго хадайніцтву два гады таму назад паступіў стары Фашлеван садоўнікам. Хор, які ён чуў ноччу, быў хор манашак,