Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/232

Гэта старонка была вычытаная

Як пакінуць яго ў манастыры — вось задача. Але і перад ёй ён не адступіў і рашыў як-бы там не было перамагчы ўсе цяжкасці строгага ўстава.

На світанні, перадумаўшы шмат аб чым, бацька Фашлеван расплюшчыў вочы і ўбачыў пана Мадлена, які сядзеў на сваім ложку і сузіраў спячую Казету. Фашлеван падняўся і сказаў:

— Ну, цяпер, калі вы ўжо тут, якім чынам увойдзіце вы сюды назад?

Гэтае пытанне тлумачыла становішча і вывела Фашлевана з задумення. Старыя пачалі радзіцца.

— Перш за ўсё ні вы, ні дзяўчынка не зробіце ні кроку з пакоя. Адзін крок у сад — і вы загінулі.

— Гэта правільна.

— Пан Мадлен, вы прыбылі ў вельмі добрую хвіліну, гэта значыць у вельмі дрэнную, хачу я сказаць. Адна з нашых дам вельмі хворая. Таму да нас ніхто не пакажацца. Яна, напэўна, памрэ. За яе моляцца ўжо сорак гадзін. Уся абшчына на нагах. За сёнешні дзень, значыць, мы можам быць спакойны, але я не ручаюся за заўтрашні.

— Аднак, ваш домік вельмі добра схаваны за дрэвамі і руінамі. Адсюль не відаць нават манастыра, — заўважыў Жан Вальжан.

— І дадам яшчэ: манашкі і не паказваюцца сюды ніколі.

— Дык у чым-жа справа? — запытаў Жан Вальжан.

— Тут ёсць дзеці.

— Якія дзеці? — запытаў Вальжан.

Фашлеван хацеў адказаць, як раптам раздаўся ўдар звона.

— Манашка памерла, — сказаў ён. — Звоняць па нябожчыку. Кожную хвіліну вы пачуеце па адным удары на працягу дваццаці чытырох гадзін. Дык бачыце, у чым справа: дзеці гуляюць. Даволі, каб мячык закаціўся сюды, і дзяўчынкі, не гледзячы на забарону, прыбягуць шукаць яго. Вас адразу-ж выкрыюць. Яны закрычаць: „Ах, мужчына!“ Але сёння гэтага баяцца не трэба. Сёння яны гуляць не будуць, сёння ўсе на малітве. Чуеце звон, як я вам казаў: кожную хвіліну — удар.

— Дык тут ёсць пенсіянеркі?

— А як-жа! Тут быць мужчынам усёроўна, што быць зачумленым. Бачыце, мне нават прывязалі да нагі званочак, як дзікаму зверу.

Жан Вальжан глыбока задумаўся.

— Гэты манастыр выратуе нас, — прамармытаў ён.