Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/238

Гэта старонка была вычытаная

Жан Вальжан глядзеў на яго з неўразуменнем, думаючы, што ён трызніць.

— Якім толькі чынам вы выйдзеце? Заўтра вы павінны быць тут, таму што ігумення вас чакае заўтра ўвечары.

Тут ён расказаў усю сваю размову з манашкай і ўсё, што ён павівен зрабіць. Усё павінна хавацца ў тайне, бо такога роду пахаванні забаронены законам. Для яго-ж самай галоўнай цяжкасцю было ўсё-такі, як вывесці з манастыра пана Мадлена і як пахаваць пустую труну.

— Што гэта за пустая труна? — запытаў Жан Вальжан.

— А гэта прысылае адміністрацыя. Калі памірае манашка, доктар дае пасведчанне аб смерці, і казна прысылае труну. На другі дзень з'яўляюцца факельшчыкі з катафалкам і адвозяць нябожчыка на могілкі. Вось калі пачнуць падымаць труну, яны і ўбачаць, што яна пустая.

— Дык вы пакладзеце туды што-небудзь.

— Ды няма-ж у мяне нябожчыка.

— Дык пакладзіце жывога.

— Якога жывога?

— Мяне, напрыклад, — сказаў Жан Вальжан.

Фашлеван так і падскочыў на лаўцы.

— Вас?!

— А чаму-ж не?

І Жан Вальжан усміхнуўся такою ўсмешкай, якая нагадвала сонечны прамень зімою.

— Памятаеце, Фашлеван, вы сказалі: „Маці Крусіфіксіён памерла“, а я дадаў: „А бацька Мадлен пахаваны?“ Вось яно так і будзе.

— Ну, даволі. Вы жартуеце!

— Ды ніколькі. Дык трэба-ж мне адсюль выйсці. Я вас прасіў знайсці для мяне такую-ж карзінку, як і для Казеты. Дык няхай гэта карзінка будзе сасновая. Вось вам і спосаб вывезці мяне так, каб ніхто не бачыў. Вы заб'еце труну са мною і вывезеце.

Фашлеван, крыху апамятаўшыся, ускрыкнуў:

— А як-жа вы будзеце дыхаць?

— У вас, напэўна, знойдзецца свердзел. Вы прасвідруеце ў веку некалькі дзірак каля рота і не вельмі шчыльна прыбівайце яго.

— А калі вы закашляеце ці чхнеце?

— Не турбуйцеся, гэтага не здарыцца. У кожным выпадку, трэба рашыць што-небудзь: ці мяне зловяць тут, ці вынесуць адсюль у труне. Іншага выхаду няма. Адзінае, што мяне непакоіць, гэта тое, што будзе на могілках.

— Ну, гэта вось мяне менш за ўсё турбуе! — ускрыкнуў Фашлеван. — Калі вы ўпэўнены, што выйдзеце жывым з