Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/250

Гэта старонка была вычытаная

ва ўсім горадзе сваёй прыгажосцю. Кветкі былі галоўным заняткам гэтага чалавека, і дзякуючы ўпартай працы і настойлівасці, яму ўдалося вывесці такія рэдкія экземпляры раслін, аб якіх забыла, здавалася, сама прырода і творцам якіх мог лічыцца іменна ён.

Жыў гэты чалавак надта скромна. Ён быў нясмелы да таго, што баяўся выходзіць на вуліцу, і не бачыўся ні з кім, акрамя жабракоў, якія стукаліся да яго за міласцінай. Між іншым, ён гутарыў з сваім прыходскім папом, абатам Мабефам, ды яшчэ, калі хто-небудзь прыязджаў адкуль-небудзь палюбавацца на яго кветкі, ён з усмешкаю адчыняў ім дзверы. Гэта і быў „луарскі разбойнік“.

Хто чытаў газеты і ваенныя мемуары часоў рэволюцыі і эпох напалеонаўскіх войнаў, той часта павінен быў сустракаць імя Жоржа Панмерсі, які са славаю ўдзельнічаў ва ўсіх паходах імператара. Пры Ватэрлоа Панмерсі быў цяжка ранены і ледзь не памёр, але, выздаравеўшы, ён, пасля доўгага прамежку, папаў, нарэшце, у луарскую армію.

Прыходзіцца закрануць пытанне аб адным выпадку з жыцця бацькі Марыуса Панмерсі.

Маркіз Панмерсі быў адзін з тых, хто ўдзельнічаў у крывавых падзеях 18 чэрвеня 1815 года. Месца, дзе разыгралася бітва, англічане называлі Ватэрлоа.

II

ВАТЭРЛОА

18 чэрвеня 1815 г.

Вернемся назад — гэта адно з правоў апавядальніка — і перанясемся да 1815 года і нават крыху раней той эпохі, калі пачынаецца дзеянне, расказанае ў першай частцы гэтай кнігі.

Калі-б не ішоў дождж уночы з 17 чэрвеня на 18, будучыня Еўропы была-б іншая. Некалькі лішніх кропель дажджу зламілі Напалеона. Для таго, каб Ватэрлоа зрабілася канцом Аўстэрліца[1], спатрэбілася не многа дажджу; якой-небудзь хмары, якая пранясецца ў непаказаны час, было даволі для таго, каб змяніць цэлы свет.

Бітва пры Ватэрлоа магла пачацца толькі ў палове дванаццатай гадзіны, што дало магчымасць Блюхеру[2] пры-

  1. Аўстэрліц — месца вялікай перамогі Напалеона над саюзнымі войскамі 2 снежня 1805 года.
  2. Блюхер (1742-1819) — камандуючы прускай арміяй.