Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/262

Гэта старонка была вычытаная

гэтыя сорак шэсць год, і старыя абломкі жалеза, якія ламаліся паміж пальцаў, як палачкі бузіны.

Хвалістыя ўзгоркі, якія разыходзіліся ў розных кірунках па раўніне, дзе адбылася бітва Напалеона з Велінгтонам, не існуюць больш, але ўсе ведаюць, якія яны былі 18 чэрвеня 1815 года. Узяўшы ў гэтага сумнага поля матэрыял для пабудовы помніка яму самому, у яго змянілі яго прыродны выгляд, і азадачаны гісторык не можа там ужо арыентавацца. Для таго, каб уславіць гэтае поле, яго відазмянілі. Велінгтон, убачыўшы праз два гады поле Ватэрлоа, ускрыкнуў: „Як сказілі мне маё поле бітвы!“ Там, дзе зараз узвышаецца вялізная земляная піраміда, увенчаная ільвом, знаходзіўся грэбень узвышшаў, якія адхонна спускаліся ў кірунку да Нівельскай дарогі, але крута абрываліся з боку Жэмапскага шасе. Вышыню гэтага адкоса можна вызначыць яшчэ і зараз вышынёю двух магільных курганоў, што стаяць па абодвух баках дарогі з Жэмапа ў Брусель; налева магіла англічан, направа — немцаў; магілы французаў зусім няма. Для Францыі ўся гэтая раўніна з'яўляецца грабніцай. Дзякуючы многім тысячам вазоў зямлі, ужытай на пабудову насыпу ў сто пяцьдзесят футаў вышыні і каля поўмілі ў акружыне, плато Мон-сен-Жан ператварылася ў адхонную пакатасць. У дзень бітвы, асабліва з боку Ге-Сента, яна прадстаўляла няроўны і абрывісты схіл; ён быў такі круты, што англійскія пушкі не бачылі пад сабой ферму, размешчаную ў глыбіні даліны, у цэнтры бітвы. 18 чэрвеня 1815 года дажджы размылі яшчэ больш гэтую круцізну, гразь рабіла яшчэ больш цяжкім уздым; прыходзілася не толькі карабкацца, але і грузнуць у гразі. Уздоўж плато цягнуўся род яра, аб існаванні якога здалёк нельга было думаць.

Што-ж гэта за яр? Вытлумачым. Брэн-л'Але і Оэн — дзве невялікія вёскі, абедзве схаваныя ў нізінах; яны злучаюцца дарогай даўжынёю мілі ў паўтары, якая перасякае ўзгоркаватую раўніну. Дарога гэта часта прарэзвае ўзгоркі, накшталт баразны, дзякуючы чаму шмат у якіх месцах утвараюцца яры. У 1815 годзе, як і ў сучасны момант, гэтая дарога перарэзвае плато Мон-сен-Жан паміж Жэмапскім і Нівельскім шасе; толькі цяпер яна на адным узроўні з далінаю, а тады яна ішла амаль суцэльным паглыбленнем. Абодва яе адкосы скапалі для пабудовы помніка. Гэтая дарога прадстаўляла і прадстаўляе яшчэ і цяпер на большай сваёй частцы траншэю, якая дасягае ў некаторых месцах дванаццаці футаў глыбіні; надта крутыя схілы яе абвальваліся ў розных месцах, асабліва зімою ў час ліўняў. Там часам бывалі няшчасныя здарэнні.