Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/263

Гэта старонка была вычытаная

У дзень бітвы гэтая дарога, што праходзіла на плато Мон-сен-Жан, прадстаўляла сабою нешта накшталт яра наверсе адкоса ці выбоіны, схаванай у зямлі, — адным словам, яна была нябачная і такім чынам страшэнна небяспечная.

V

ПЫТАННЕ ПРАВАДНІКУ ЛАКОСТУ

Такім чынам, раніцою ў дзень Ватэрлоа Напалеон быў задаволены.

І гэта цалкам зразумела: складзены ім план бітвы, як мы ўжо гаварылі, быў сапраўды выдатны.

Раз ужо бітва пачалася, то яе розныя раптоўныя змены ніколькі не турбавалі Налалеона. Гугамон і Ге-Сент не здаваліся, батарэі грузлі ў гразі, пятнаццаць гармат без канвоя былі апракінуты Уксбрыджам на размытай дарозе, дзеянне снарадаў у радах англічан было слабае: падаючы, яны закапваліся ў зямлю, размоклую ад дажджоў, і падымалі толькі цэлыя вулканы гразі, так што карцеч ператваралася ў пырскі гразі; амаль уся кавалерыя Пірэ ў пятнаццаць эскадронаў была знішчана; напад на правае англійскае крыло быў няўдалы, абстрэльванне левага крыла — беспаспяхова. Ней дапусціў вялікую памылку, скучыўшы чатыры дывізіі першага корпуса, замест таго, каб пастроіць іх эшалонамі, у выніку чаго ўся маса ў дваццаць сем радоў па дзвесце чалавек у кожным, была падстаўлена пад карцеч, ядры прабівалі ў ёй страшэнныя брэшы. Штурмавыя калоны былі раз'яднаны; батарэя, што знаходзілася на флангу, асталася без прыкрыцця. Дывізія Маркан'е, папаўшы ў жытняе поле паміж пяхотай і кавалерыяй, абстрэльвалася ва ўпор Бестам і Пакам. Батарэя Маркан'е была закляпана, а яе эскарт пасечаны драгунамі Пансобі. Прынц Саксен-Веймарскі яшчэ ўтрымліваў за сабой Фрышмон і Смоэн, не гледзячы на намаганні графа д'Эрлона. Сцягі 105-га і 45-га палкоў былі ўзяты. Прускі чорны гусар, захоплены коннымі разведчыкамі лятучай стралковай калоны, якая рабіла раз'езды паміж Ваўрам і Плансенуа, перадаў вельмі нярадасныя весткі: Грушы[1] спазніўся, тысяча пяцьсот чалавек у якую-небудзь гадзіну былі забіты ў гугамонскім фруктовым садзе, тысяча восемсот чалавек яшчэ хутчэй былі перабіты пад Ге-Сентам. Усе гэтыя бурныя падзеі, якія праходзілі,

  1. Грушы (Эмануэль, 1766–1847) — маршал Непалеона; спазніўся на падмогу да Напалеона пад Ватэрлоа; пасля ліпеньскай рэволюцыі 1830 г. спакойна пражываў у Парыжы, захаваўшы ўсе свае чыны і званні.