Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/271

Гэта старонка была вычытаная

перасякаюцца Нівельская, Жэмапская, Гюльпская і Брусельская дарогі. Гэты кірасір прабіўся праз рады англічан.

Велінгтон адчуваў, што пачынае паддавацца. Крызіс набліжаўся.

Кірасіры не дасягнулі сваёй мэты, таму што цзнтр не быў прарваны. Плато належала абодвум бакам і ў той-жа час ніводнаму, хоць наогул большая яго частка аставалася за англічанамі. Велінгтон утрымліваў у сябе вёску і верхнюю раўніну, а Ней — толькі грэбень і схіл плато. Абодва бакі, здавалася, прыраслі да гэтай злавеснай глебы.

Але паражэнне англічан здавалася немінучым. Страты арміі былі страшэнныя. На левым флангу Кемп патрабаваў падмацавання.

— Падмацаванняў няма, — адказваў Велінгтон, — няхай памірае.

Амаль у той-жа час — дзіўнае падабенства, якое паказвае знесіленне абодвух армій, — Ней патрабаваў у Напалеона пяхоты. Напалеон адказваў:

— Пяхоты?! Адкуль я дастану яе? Не магу-ж я яе стварыць!

Аднак англійская армія была больш знясілена. Ярасныя напады гэтых іспалінскіх эскадронаў з жалезнымі латамі і стальнымі грудзьмі сцёрлі пяхоту. Некалькі чалавек вакол сцяга паказвалі месца палка, некаторымі батальёнамі камандвалі ўжо капітаны або паручнікі. Дывізія Альтэна, ужо вельмі пацярпеўшая пры Ге-Сенце, была амаль знішчана. Адважныя бельгійцы брыгады Ван-Клузе пакрывалі палі жыта ўдоўж Нівельскай дарогі. Не асталося амаль нікога з тых галандскіх грэнадзёраў, якія ў 1811 годзе, у Італіі, у саюзе з французамі біліся супроць Велінгтона, а ў 1815 годзе ў саюзе з англічанамі біліся супроць Напалеона. Страты афіцэрамі былі вельмі вялікія. Увесь штаб Велінгтона пацярпеў. У гэтай крывавай роўнавазе Англіі выпала горшая доля. Другі гвардзейскі полк страціў пяць падпадкоўнікаў, чатырох капітанаў і трох прапаршчыкаў; першы батальён ЗО-га пяхотнага палка страціў дваццаць чатыры афіцэры і сто дванаццаць салдат. У 79-га палка горцаў было ранена дваццаць чатыры афіцэры і забіта восемнаццаць афіцэраў і чатырыста пяцьдзесят радавых. Цэлы полк ганноверскіх гусараў Кумберлэнда пад кіраўніцтвам палкоўніка Гаке, якога пасля судзілі і разжалавалі, павярнуў крыху недаехаўшы да самай бітвы, і кінуўся ў Суаньскі лес, навёўшы паніку да самага Бруселя. Абоз, павозкі, багаж, фургоны, поўныя раненых, убачыўшы, што французы рухаюцца наперад і набліжаюцца да лесу, кінуліся туды; галандцы, гнаныя французскай кавалерыяй, былі ахоплены панікай.