Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/277

Гэта старонка была вычытаная

пахмурай даліне ля падножжа схілу, на які ўзбіраліся кірасіры, пакрытага зараз масай англічан, пад перакрыжным агнём перамагаючай непрыяцельскай артылерыі, пад страшнай масай гранат, гэтае карэ ўсё яшчэ змагалася. Ім камандаваў невядомы афіцэр, па імю Камброн. Пры кожным залпе карэ змяншалася, але адбівалася. Яно адказвала пальбой са стрэльбаў на карцеч, паступова сцягваючы свае чатыры бакі.

Знясіленыя беглякі, спыняючыся часам, чулі здалёку, у цемры, гэты пахмуры заціхаючы гром.

Калі гэты легіён ператварыўся ў жменю людзей, іх сцяг ператварыўся ў лахманы, калі іх стрэльбы, за адсутнасцю куль, сталі простымі палкамі, калі куча трупаў зрабілася большай за групу жывых людзей, пераможцаў ахапіў нейкі свяшчэнны жах перад гэтымі вялікімі паміраючымі воінамі, і англійская артылерыя, нібы пераводзячы дух, перастала страляць. Гэта было нешта накшталт адтэрміноўкі. Вакол гэтых удзельнікаў бітвы насіліся быццам здані — сілуэты людзей на конях, чорныя профілі пушак; бялёсае неба прасвечвала скрозь колы і лафеты. Яны маглі чуць у цемры змроку, як зараджалі пушкі; запаленыя кнаты, падобна да вачэй тыгра, у цемры ўтваралі ланцуг навакол іх галоў; усе фейерверкеры англійскіх батарэй наблізіліся да пушак, і тады, узрушаны думкаю, што для гэтых людзей настала апошняя хвіліна, Кольвіль, па словах адных, і Мэтланд, па словах другіх, закрычаў ім: „Храбрыя французы, здавайцеся!“ Камброн адказваў: „Merde!“[1].

ХІI

КАМБРОН

З павагі да французскага чытача, гэтае слова, магчыма, самае добрае, якое калі-небудзь было вымаўлена французам, не можа быць паўторана. Такі, хоць і вельмі высокі, злемент забаронена ўносіць у гісторыю.

Парушым на свой адказ гэтую забарону.

Ітак, сярод гэтых веліканаў знайшоўся тытан Камброн. Сказаць такое слова і памерці потым, што можа быць вышэй?

Таму што хацець памерці — усёроўна, што сапраўды памерці, і гэты чалавек не вінаваты, калі, забіты карцеччу, ён перажыў сам сябе.

  1. Merde — французская лаянка.