Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/281

Гэта старонка была вычытаная

якое трэба назваць яго памяншальным імем — контррэволюцыя, — нехапіла дыхання, яно хутка задыхалася і спынілася. Імперыю, трэба прызнацца, аплаквалі, аплаквалі героі. Калі слава заключаецца ў мячы, які ператварыўся ў скіпетр, то імперыя была сама слава. Яна распаўсюдзіла па зямлі ўсё святло, якое здольна даць тыранія. Гэта было цёмнае ці, скажам больш, змрочнае святло. У параўнанні з сапраўдным святлом — гэта ноч. Знікненне ночы зрабіла ўражанне зацмення.

Людовік XVIII вярнуўся ў Парыж. Кругавыя танцы згладзілі ў памяці захапленні 20 сакавіка. Карсіканец зрабіўся процілегласцю беарнца. На Тюільры[1] узвіўся белы сцяг.

Запанавалі выгнаннікі. Алтар і прастол велічна пабраталіся.

Еўропа прыняла белую какарду. Дэвіз „Non pluribus impar[2] зноў з'явіўся ў праменнях каменнага злепку сонца на фасадзе казарм Орсейскай наберажнай. Карусельная арка, уся аздобленая трафеямі, адчуваючы сябе няёмка сярод гэтых навін, мабыць, нават крыху саромячыся Марэнго і Арколь[3], выблыталася з няёмкасці з дапамогаю статуі герцага Ангулемскага.

Мадэленскія могілкі, страшная агульная магіла 1793 года, пакрыліся мрамарам і яшмай, бо там знаходзіліся астанкі Людовіка XVI і Марыі-Антуанеты. У Вінцэнскім яры з'явілася надмагільная калона, якая напамінала аб тым, што герцаг Энгіенскі[4] памёр у той самы месяц, калі быў каранаваны Напалеон. Папа Пій VII, які ўтварыў гэтае каранаванне, адразу-ж пасля смерці герцага, таксама спакойна благаславіў падзенне, як і ўзвышэнне. У Шэнбруні з'явіўся маленькі чатырохгадовы цень, якога забаранялася называць рымскім каралём[5].

Усё гэта адбылося, каралі зноў занялі свае троны, уладар Еўропы быў пасаджан у турму, старадаўні парадак аднавіўся, цемра і святло перамянілі свае месцы на зямлі, і ўсё гэта таму, што аднойчы ў летні дзень, у пасляабедзены час, пастух сказаў у лесе прусаку: „Прайдзіце тут, а не там“.

  1. Тюільры — назва палаца ў Парыжы, на правым беразе Сены.
  2. „Нікому не роўны“ — дэвіз Людовіка XIV (памёр у 1715 г.), аснавальніка абсалютнай манархіі ў Францыі
  3. Арколь (правільней Арколе) — мястэчка ў Італьянскай правінцыі Верона. У лістападзе 1796 г. там адбывалася ўпартая бітва паміж генералам Банапартам і аўстрыйцамі. На трэці дзень французы перамаглі.
  4. Герцаг Энгіенскі — французскі прынц з роду Бурбонаў; быў расстраляны Напалеовам.
  5. Рымскі кароль — так называўся сын Напалеона І. Пасля ссылкі Напалеона ён выхоўваўся ў Вене і насіў тытул герцага Рэйхштадскага.