Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/286

Гэта старонка была вычытаная

кірасірскі афіцэр — і афіцэр не маленькага чына: густая залатая эпалета была відаць з-пад кірасы; на ім не было каскі. Злосны ўдар шаблі рассек яму твар, які быў цяпер увесь заліты крывёю. Аднак, здавалася, што ніводны член у яго не быў паламаны, і па якойсьці шчаслівай выпадковасці, калі можна так сказаць, трупы лажалі над ім так, што ён не быў канчаткова раздушаны. Вочы яго былі заплюшчаны.

На кірасе ў яго быў срэбны крыж Пачэснага легіёна. Брадзяга сарваў гэты крыж, які адразу знік у адным з прадонняў, што знаходзіліся ў яго пад шынелем.

Потым ён абмацаў у афіцэра кішэню для гадзінніка, адчуў там гадзіннік і ўзяў яго, потым ён пашарыў у камізэльцы, знайшоў у ёй кашалёк і схаваў яго ў сваю кішэню.

Калі ён дайшоў да гэтай стадыі клопату аб паміраючым, афіцэр адплюшчыў вочы.

— Дзякую, — сказаў ён слабым голасам.

Рэзкасць рухаў чалавека, які трымаў яго ў руках, свежасць ночы, вольна ўдыхаемае паветра вывелі яго з летаргіі. Брадзяга не адказваў нічога. Ён падвяў галаву.

Пачуўся шум крокаў у даліне. Напэўна, набліжаўся які-небудзь патруль.

— Хто выйграў бітву? — ледзь чутна прашаптаў афіцэр; у голасе ў яго яшчэ адчувалася агонія.

— Англічане, — адказаў брадзяга.

Афіцэр прадаўжаў:

— Пашукайце ў маіх кішэнях. Вы знойдзеце там кашалёк і гадзіннік. Вазьміце іх.

Гэта было ўжо зроблена.

Брадзяга зрабіў выгляд, шго выконвае патрабуемае, і сказаў:

— Нічога няма.

— Мяне абакралі, — сказаў афіцэр. — Яны былі-б вашы.

Крокі патруля рабіліся ўсё чутняейшыя і чутнейшыя.

— Хтосьці ідзе, — сказаў брадзяга, робячы рух, каб пайсці.

Афіцэр, праз сілу прыпадняўшы руку, утрымаў яго.

— Вы выратавалі мне жыццё. Хто вы?

— Я належаў, як і вы, да французскай арміі, — ціха і хутка адказаў брадзяга. — Я павінен пакінуць вас. Калі мяне схопяць, то я буду расстраляны. Я выратаваў вам жыццё. Цяпер самі выблытвайцеся, як умееце.

— У якім вы чыне?

— Сержант.

— Як вас завуць?

— Тэнард'е.

— Я не забуду гэтага імя, — сказаў афіцэр, — а вы запомніце маё. Мяне завуць Панмерсі.