Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/288

Гэта старонка была вычытаная

XVI

ПАНМЕРСІ-МАЛОДШЫ І ЖЫЛЬНАРМАН-СТАРЫ

Пасля падзення Напалеона Панмерсі назначылі палавінную пенсію і загадалі жыць у Верноне. У гэты час ён быў ужо жанаты на мадэмуазель Жыльнарман-малодшай і пасяліўся ў маленькім адзінотным доміку, дзе астаўся жыць і пасля смерці жонкі. У яго быў маленькі сын. Гэтае дзіця было ўцехай для бацькі ў яго горы і адзіноце. Але дзед настойліва патрабаваў яго да сябе, пагражаючы ў іншым выпадку пазбавіць унука спадчыны. Бацька ўступіў у інтарэсах сына і, страціўшы яго, прывязаўся да кветак.

Жыльнарман не падтрымліваў ніякіх зносін з сваім зяцем, якога ён называў „бандытам“. У іх была ўмова, што Панмерсі ніколі не будзе старацца ні бачыць сына, ні гаварыць з ім, усё пад страхам таго-ж пазбаўлення спадчыны. Стары хацеў выхаваць маленькага Марыуса па-свойму. Палкоўнік згадзіўся на ўсе ўмовы, думаючы, што робіць добра, прыносячы ў ахвяру толькі самога сябе.

Пакуль Марыус рос, бацька яго ўпотайкі, бывала, прыязджаў з Вернона ў Парыж і, як злачынец, пракрадваўся ў царкву, якую звычайна наведвалі Жыльнарманы; там, схаваўшыся за калонай, глядзеў ён на сзайго хлопчыка, баючыся ў той-жа час, каб цётка не абярнулася і не ўбачыла яго. Гэта і прывяло да зваёмства яго з абатам Мабефам.

У гэтага папа быў брат, царкоўны стараста, які часта з свайго месца назіраў, як чалавек гэты, з шрамам на твары і з вачыма, поўнымі слёз, сачыў за сваім дзіцем. Гэтыя слёзы здзівілі старасту. Аднойчы, адправіўшыся ў Вернон да брата, ён спаткаў палкоўніка Панмерсі і пазнаў у ім свайго незнаёмца. Стараста расказаў пра яго свайму брату, папу, і абодва знайшлі повад пазнаёміцца з Панмерсі. Палкоўнік, спачатку скрытны, расказаў, нарэшце, усю драму свайго жыцця, і ў абодвух братоў зарадзілася да яго глыбокая павага. Такім чынам яны зышліся. Два разы ў год Марыус пісаў свайму бацьку афіцыяльныя віншавальныя пісьмы, прадыктаваныя цёткай. Гэта — адзінае, што дазваляў пан Жыльнарман у зносінах паміж бацькам і сынам.

Бацька адказваў пяшчотнымі пасланнямі, якія стары, не чытаючы, засоўваў у сваю кішэню. Марыус Панмерсі скончыў курс вучэння ў юрыдычнай школе і быў нораву наогул суровага.

Нельга сказаць, каб ён любіў свайго дзеда, весялосць і грубасць якога яму не падабаліся. Адносна бацькі ён быў стрыманы і маўклівы.