Між іншым, гэта быў палкі, але разам з тым халодны юнак.
Ён быў велікадушны, горды, рэлігійны, благародны да жорсткасці, чысты да дзікасці.
У 1827 годзе Марыусу скончылася 17 год. Аднойчы ўвечары, вярнуўшыся дадому, ён убачыў дзеда з пісьмом у руцэ.
— Марыус, — сказаў стары, — заўтра ты паедзеш у Вернон.
— Чаго? — запытаў юнак.
— Каб пабачыцца з тваім бацькам.
Марыус здрыгануўся. Яму ніколі і на думку не прыходзіла, што настане дзень, калі яму давядзецца пабачыцца з бацькам. Нічога для яго не магло быць больш нечаканага, больш здзіўляючага і, скажам шчыра, больш непрыемнага.
Марыус быў перакананы, што бацька яго — рубака, як называў яго пан Жыльнарман у спакойныя хвіліны, і не любіў яго. Гэта і зразумела: ён-жа пакінуў яго і прадаставіў выхоўваць сына іншым. Ён не ад'уваў сябе любімым і таму сам не любіў. Нічога няма больш натуральнага, гаварыў ён сабе.
Заявай старога ў гэты вечар ён так быў здзіўлены, што нават не распытваў ні пра што.
Стары дадаў, памаўчаўшы:
— Ён, здаецца, хворы і жадае цябе бачыць, едзь заўтра раніцою. Здаецца, у гэты час ёсць дыліжанс. Дык ты і едзь. Ён просіць паспяшацца.
Потым ён скамячыў пісьмо і схаваў яго ў кішэню. Марыус мог-б адправіцца ў той жа вечар, але і не падумаў пра гэта і дачакаўся раніцы. Прыехаўшы ў Вернон увечары, ён запытаў у першага сустрэчнага, дзе дом Панмерсі. Яму паказалі. Ён пазваніў. Яму адперла якаясьці жанчына з лямпай у руцэ.
— Пан Панмерсі тут жыве? — запытаў Марыус.
Жанчына моўчкі кіўнула галавой.
— Ці можна мне пагутарыць з ім? — запытаў Марыус.
Жанчына зрабіла адмоўны жэст.
— Я яго сын, ён мяне чакае, — сказаў юнак.
— Ён не чакае ўжо вас больш, — адказвала жанчына.
Тут ён заўважыў, што жанчына заплакала.
Яна паказала яму пальцам на дзверы ў зал. Ён увайшоў.
У пакоі, асветленым сальнай свечкай, якая стаяла на каміне, знаходзіліся ў гэтую хвіліну тры чалавекі: адзін стаяў, другі быў на каленях, а трэці ў адной кашулі, ляжаў, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на падлозе. Той, што ляжаў на падлозе, і быў палкоўнік.
Два іншыя былі — адзін урач, другі поп.