Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/297

Гэта старонка была вычытаная

Ён асцярожна зірнуў за рог і спыніўся, як укапаны.

Марыус, схіліўшы галаву на рукі, стаяў на каленях перад магілай. Ён рассыпаў па ёй прынесеныя кветкі. Над магілай стаяў чорны крыж, на якім белымі літарам было напісана: „Палкоўнік барон Панмерсі“. Чутны былі рыданні Марыуса.

Каханай аказалася магіла.

Сюды прышоў Марыус, калі ў першы раз адлучыўся з Парыжа. Сюды-ж прыходзіў ён у тыя дні, калі пан Жыльнарман гаварыў, што Марыус не начуе дома.

Афіцэр зусім збянтэжыўся, апынуўшыся нечакана твар у твар з магілай. Ён перажываў непрыемнае і дзіўнае адчуванне, сумесь павагі да магілы і да чына палкоўніка. Ён асцярожна адышоў, пакінуўшы Марыуса аднаго на могілках. Не ведаючы, што напісаць цётцы, ён рашыў не пісаць зусім. Напэўна, нічога не вышла-б з адкрыцця, зробленага афіцэрам, калі-б па нейкай непрадбачанай выпадковасці сцэна ў Верноне не мела амаль раптоўна вынікаў у Парыжы.

Марыус вярнуўся на трэці дзень ледзь золак. Змарыўшыся ад двух бяссонных начэй, праведзеных у дыліжансе, і адчуваючы патрэбу асвяжыцца, ён ледзь забег у свой пакой, каб зняць паліто, прычым скінуў з шыі чорны шнурок, і пайшоў купацца.

Пан Жыльнарман, які ўставаў рана, як і ўсе старыя, якія адчуваюць сябе здаровымі, чуў, як унук вярнуўся, і паспяшаўся, наколькі мог, да яго ў пакой, каб прывітацца і распытаць хоць злёгку, адкуль ён вярнуўся.

Але юнак быў шпарчэйшым за старога, так што, калі дзед увайшоў, Марыуса ўжо не было ў пакоі.

Пасцель была не пакамечаная, а на ложку ляжалі сурдут і медальён на чорнай істужцы.

— Гэта, бадай, і лепш, — сказаў пан Жыльнарман.

Праз хвіліну ён вярнуўся ў зал, дзе яго дачка сядзела ўжо за вышываннем.

— Перамога! — ускрыкнуў стары, уваходзячы з сурдутам і істужкай у руках. — Нарэшце вось мы даведаемся пра прыгоды нашага ціхоні. Вось разгадка: яна ў мяне ў руках.

Стары ўзяў спачатку медальён, агледзеў яго і некалькі хвілін круціў у руках.

— Тут, напэўна, партрэт. Яго заўсёды носяць на сэрцы. І дурныя-ж яны! Напэўна, якая-небудзь уродзіна. У цяперашніх маладых людзей вельмі дрэнны густ!

— Паглядзім, татанька, — сказала старая дзяўчына.

Медальён раскрылі. У ім нічога не было, апрача складзенага лістка паперы.

— Ад той-жа да таго-ж, — сказаў пан Жыльнарман за-