Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

задаволіць пані Маглуар і разам з тым не зрабіць непрыемнага свайму брату, адважылася баязліва заўважыць:

— Ці чуеце, браток, што гаворыць пані Маглуар?

— Я тое-сёе смутна чуў, — адказаў епіскап.

Потым, абярнуўшыся да старой служанкі, ён паклаў рукі на калені і, падняўшы на яе свой ласкавы ясны твар, асветлены знізу полымем каміна, дадаў:

— Ну, што здарылася, што здарылася? Хіба нам пагражае якая-небудзь небяспека?

Тады пані Маглуар пачала расказваць сваю гісторыю спачатку, пераўвялічваючы падзеі, сама таго не заўважаючы. Па яе словах выходзіла, што з'явіўся нейкі злодзей, які пагражае небяспекай амаль усяму гораду. Ён быў сунуўся да Лабара, але той яго не прыняў. Бачылі, што ён ішоў па бульвару. Гэты чалавек з мяшком за плячыма проста страшны.

— Сапраўды! — заўважыў епіскап.

Гэтая відавочная ўвага заахвоціла пані Маглуар; ёй здалося, што епіскап гатовы ўсхвалявацца і яна з захапленнем казала далей:

— Так, ваша прападоб’е. Гэта праўда. У горадзе, напэўна, у гэтую ноч здарыцца якое-небудзь няшчасце. Усе гэта гавораць. Асабліва пры такой паліцыі. Жыць у такой горнай краіне і нават не асвятляць вуліц ліхтарамі! Выйдзеш, дык хоць вока выкалі. Я кажу, ваша прападоб’е, ды і паненка са мною разам...

— Я, — перапыніла яе паненка, — я маўчу. Усё, што брат робіць, усё добра.

Але пані Маглуар зрабіла выгляд, што не заўважыла гэтага супярэчання, і прадаўжала:

— Мы гаворым, што наш дом зусім ненадзейны. Калі ваша святасць дазволіце, я збегаю да слесара і загадаю яму паправіць усе замкі і засаўкі. Ён зробіць гэта за адну хвіліну. Гэта неабходна зрабіць хоць на гэтую ноч, таму што дзверы на вуліцу можа адчыніць усякі, хто захоча. Гэта-ж будзе жах, асабліва з вашай прывычкай адказваць „заходзьце“ кожнаму, хто-б ні пастукаўся. Да таго-ж, о, божа, ніхто і пытаць не будзе, а проста...

У гэтую хвіліну ў дзверы моцна стукнулі.

— Заходзьце, — адказаў епіскап.

Дзверы адчыніліся шпарка і шырока, нібы іх турнулі моцна і рашуча. Увайшоў чалавек. Мы ўжо ведаем яго. Гэта быў той самы падарожнік, які не мог сабе знайсці прытулку. Ён увайшоў, ступіў крок наперад і пакінуў за сабой адчыненыя дзвёры. Ранец быў прывязаны ў яго на спіне, у руках доўгі кій, выраз твара суровы, дзёрзкі,