Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/311

Гэта старонка была вычытаная

для яго пасланіцай з царства цемры. Яна адкрыла перад ім увесь агідны бок ночы.

Цяпер ён папракаў сябе за тое, што да гэтага часу не звяртаў увагі на сваіх суседзяў. Як, адна толькі сцяна аддзяляла яго ад гэтых закінутых істот, якія брадзілі вобмацкам, у баку ад астатніх, тых, што жывуць! Яны жылі побач з ім, а ён і забыўся пра іх зусім! Кожны дзень, кожную гадзіну ён чуў праз перагародку галасы, у якіх гучэлі стогны, а ён, заняты сваімі марамі, нават і не заўважаў гэтага! Другі-б даўно ўжо прышоў ім на дапамогу і выратаваў-бы іх.

І несвядома Марыус загледзеўся на перагародку, якая аддзяляла яго пакой ад пакоя Жандрэтаў. Раптам ён ускочыў. Наверсе, амаль ля столі, ён заўважыў дзірку. Атынкоўка вывалілася адтуль, і, узабраўшыся на камоду, якая стаяла ля гэтай сцяны, можна было бачыць усё, што рабілася ў пакоі.

Марыус узлез на камоду і, прыпаўшы да дзіркі, пачаў назіраць.

Марыус убачыў сапраўдную трушчобу. Гэта быў брудны, смуродны, цёмны катух, у які святло пранікала праз адзінае акно, густа затканае павуціннем. Сцены стракацелі плямамі і нейкімі надпісамі. Ва ўсіх кутах валяліся кучы агідных брудных ануч і падранага абутку. Сам па сабе пакой быў вялізны, што надавала ўсёй абстаноўцы яшчэ больш агідны выгляд.

Ля стала, на якім Марыус заўважыў пяро, чарніла і паперу, сядзеў чалавек год шасцідзесяці, змарнелы, хударлявы, бледны, неспакойны і страшнага выгляду, агідны нягоднік. У яго была даўгая сівая барада. Апрануты ён быў у жаночую кашулю, якая не закрывала валасатых грудзей і пакідала голыя рукі. Кашуля засунута была ў брудныя панталоны, з-пад якіх былі відаць скрозь падраныя боты, адкуль тырчэлі пальцы.

У зубах ён трымаў люльку і курыў. Ён штосьці пісаў, напэўна, пісьмо, падобнае да таго, якое Марыус ужо чытаў. Раптам ён спыніўся, стукнуў кулаком па стале і ўскрыкнуў:

— О! так і знішчыў-бы ўвесь свет!

Тоўстая жанчына, якой аднолькава можна было даць і сорак год і сто, сядзела на кортачках ля патухшага ачага. Яна таксама была апранута ў кашулю і ў падраную спадніцу, усю ў латах.

На адным з брудных матрацаў Марыус убачыў высокую худую дзяўчынку, амаль голую. Яна сядезла нерухома, нібы нічога не бачыла і не чула. Напэўна малодшая сястра