Маладая дзяўчына падышла да дзяўчынкі, якая ўсё яшчэ плакала, і сказала, лашчачы яе:
— Мілае, беднае дзіця!
Ужо некалькі хвілін Жандрэт пільна прыглядаўся да дабрадзея. Увесь час ён уважліва глядзеў на яго, нібы штосьці прыпамінаючы. Раптам, скарыстаўшы хвіліну, калі пан Леблан распытваў у дзяўчынкі пра яе балючую руку, ён падышоў да жонкі і сказаў ёй хутка і ціха:
— Зірні вось на гэтага чалавека!
Потым зноў звярнуўся да пана Леблана і пачаў скардзіцца на свае няшчасці.
Нарэшце ён дадаў, што іх гоняць з кватэры і што яны апынуцца на вуліцы.
Пан Леблан выняў з кішэні пяць франкаў і кінуў іх на стол. Потым зняў з сябе верхняе паліто і паклаў яго на лаўку.
— Пан Фабанту, — сказаў ён, — у мяне з сабой толькі пяць франкаў, але я праводжу дачку дадому і ўвечары вярнуся і прывязу вам грошы. Вы-ж сёння ўвечары павінны заплаціць за кватэру?
Твар Жандрэта асвятліўся страшным выразам. Ён хутка адказаў:
— Так, мой паважаны пан. У восем гадзін грошы павінны быць ужо ў гаспадыні дома.
— Дык я буду тут у шэсць гадзін.
— О, дабрадзей! — ускрыкнуў Жандрэт і дадаў ціха: — жонка, глядзі больш уважліва!
Пан Леблан узяў руку дачкі і накіраваўся да дзвярэй.
— Да вечара, сябры мае, — сказаў ён.
У гэты час старэйшая дачка ўбачыла забытае на крэсле паліто.
— Судар, вы забылі ваша адзенне, — сказала яна.
Жандрэт кінуў на яе пагрозлівы позірк, які суправаджаўся страшнымі рухамі плячэй.
Пан Леблан адказаў, усміхаючыся:
— Я яго не забыў, а пакінуў.
— О, мой усеміласцівы дабрадзей! Я ўвесь сплываю слязмі! — ускрыкнуў Жандрэт. — Дазвольце мне праводзіць вас да вашага экіпажа!
— Дык надзеньце паліто, — адказваў пан Леблан: — сёння вельмі холадна.
Жандрэт не прымусіў сябе паўтарыць гэта. Ён хутка надзеў карычневае паліто.