Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/338

Гэта старонка была вычытаная

Хлопчык гэты, па імю Гаўрош, быў сын пары Тэнард'е, якога яны не любілі і які заўсёды бадзяўся па горадзе і не заходзіў да бацькоў па цэлых месяцах, што, між іншым, тых ніколькі не турбавала.

ХХІІ

АДРАС

Марыус прысутнічаў да канца нечаканай развязкі змовы, на сляды якой ён навёў Жавера; але як толькі Жавер пакінуў халупу, увозячы з сабою ў трох карэтах палонных, Марыус, у сваю чаргу, выбег з дома. Было каля дзевяці гадзін вечара. Юнак адправіўся да свайго прыяцеля Курфейрака, які жыў у Лацінскім квартале, і заявіў яму, уваходзячы:

— Я прышоў да цябе начаваць.

Курфейрак сцягнуў з ложка адзін матрац, — іх было два, — кінуў яго на падлогу і сказаў:

— Вось табе пасцель!

Калі на другі дзень Жавер прышоў у дом Гарбо, каб распытаць у Марыуса яшчэ пра якія-небудзь падрабязнасці, то старая коратка адказвала:

— Пераехаў.

Прайшоў месяц. Марыус вельмі сумаваў. Усе надзеі зноў зніклі ў яго, і ён зноў брадзіў у цемры. Каханне да маладой дзяўчыны, аб імі якой ён і цяпер не мог нават здагадацца, бо, відавочна, яе звалі не Урсулай, не зменшылася, а, наадварот, нібы мацнела ў яго душы. Усе думкі, усе жаданні яго зліліся ў двух словах: убачыць яе. Апрача ўсяго застала нястача, таму што ён не працаваў і не мог нават узяцца за работу.

Дні ішлі за днямі, не прыносячы з сабой нічога новага. Аднойчы, у час сваіх адзінокіх і бясконцых прагулак, Марыус зайшоў на цудоўны зялёны лужок, вакол якога вілася рэчка і дзе стаяла некалькі маленькіх домікаў, акружаных палісаднікамі. Гэта было адно з парыжскіх прадмесцяў ля заставы. Уздоўж наберажнай ракі ішла алея дрэў, і ўсё дыхала цішай і адзінотай. Мімаволі здзіўлены прыгожасцю мясцовасці, Марыус запытаў у прахожага:

— Як завецца гэтае месца?

— Жаўранкава поле, — адказваў прахожы.

Пры слове „Жаўранак“ Марыус схамянуўся. „Жаўранак“ была мянушка, якою там, у мансардзе, называлі „яе“. Гэтым імем ён у глыбіні душы замяніў імя Урсулы.

— Тут я дазнаюся, дзе яна жыве; гэта яе поле, — сказаў ён сабе.