Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/348

Гэта старонка была вычытаная

Яна храбра ўвайшла ў гушчар, дабралася да рашоткі, але нічога не знайшла.

Яе ахапіў жах. Няўжо ёй гэта зноў здалося? Не можа быць, каб два дні запар яна памылялася, Але самае страшнае — гэта быў цень.

На другі дзень вярнуўся Жан Вальжан. Казета расказала пра гэтыя два страшныя здарэнні. Яна чакала, што бацька заспакоіць яе, скажа, што гэта глупства, але ён набыў заклапочаны выгляд і сказаў:

— Не разумею, што гэта азначае.

Ён пакінуў яе з нейкага поваду і адправіўся ў сад. Яна бачыла, як уважліва аглядаў ён садовую рашотку.

Ноччу яна прабудзілася. На гэты раз яна выразна чула нейчыя крокі. Яна кінулася да акна і сапраўды ўбачыла нейкага чалавека з тоўстай дубінай у руках. У тую хвіліну, калі яна хацела ўжо закрычаць аб ратунку, месяц асвятліў яго твар і яна пазнала бацьку.

Яна зноў лягла на пасцель і падумала:

„Ён, аднак, вельмі ўсхваляваны“.

Жан Вальжан усю ноч правёў у садзе. Дзве наступныя ночы таксама.

На трэцюю ноч, прыблізна каля гадзіны ночы, Казета раптам пачула, што бацька кліча яе і пры гэтым гучна смяецца. Яна хутка ўскочыла і адчыніла акно. Унізе стаяў Жан Вальжан.

— Я пабудзіў цябе, каб заспакоіць, вунь твой цень у круглым капелюшы.

Ён паказаў ёй цень на прагалінцы, сапраўды падобны да чалавечага. Гэта быў сілуэт коміна, які ўзвышаўся над суседнім дахам.

Казета таксама рассмяялася, і ўсе цёмныя апасенні зніклі ў абодвух. Пры гэтым Казета зусім забыла, што той цень, які яна заўважыла, знік пасля таго, як яна абярнулася, чаго не магло-б здарыцца з комінам. Доказ здаўся ёй да таго пераканаўчым, што яна зноў павесялела і перастала думаць пра тое, што хто-небудзь можа брадзіць па садзе.

Але праз некалькі дзён здарылася новая падзея.

У садзе, ля рашоткі, як вядома, стаяла старая каменная лаўка, схаваная ад вачэй прахожых, але да якой з вуліцы лёгка было дастаць рукой.

Аднойчы ўвечары, у гэтым-жа красавіку месяцы, Жана Вальжана зноў не было дома. Казета пасля захаду сонца села на лаўцы. Вецер калыхаў верхавіны дрэў, і Казета сядзела, чамусьці ў сумным задуменні. Потым яна ўстала, ціха абышла ўвесь сад і зноў вярнулася на ранейшае месца.