ропка пацягнуў свайго суразмоўніка далей ад асветленых крам.
Трымаючыся за рукі, машынальна пайшлі за ім і хлопчыкі. Калі ўсе апынуліся пад цёмным скляпеннем нейкіх варот, дзе яны былі схаваны ад дажджу і ад позіркаў прахожых, Манпарнас хапатліва расказаў Гаўрошу, як адзін з арыштаваных разам з Тэнард’е злачынцаў, Бабэ, у той-жа дзень раніцою ўмудрыўся ўцячы ў Конс’ержэры, куды яго перавезлі было; яму трэба было павярнуць направа, „у калідор допытаў“, а ён замест таго сумеў павярнуць налева і схаваўся.
Гаўрош падзівіўся спрыту Бабэ.
— Лаўкач! — пахваліў ён.
Дадаўшы яшчэ некалькі падрабязнасцей пра ўцёкі, Манпарнас запытаў:
— Так, а ты куды зараз ідзеш?
— Іду класці спаць вось гэтых дзяцей, — адказаў Гаўрош, паказваючы на сваіх апякаемых.
— Дзе-ж ты іх пакладзеш?
— У сябе.
— У сябе? Ды дзе-ж гэта?
— У сваёй кватэры.
— А хіба ў цябе ёсць кватэра?
— А ты як-бы думаў?
— Вось як! А ці можна даведацца дзе?
— У слане.
Манпарнаса цяжка было здзівіць, але цяпер і ён вытарашчыў вочы і са здзіўленнем паўтарыў:
— У слане?!
— Ну так, у слане, — спакойна пацвердзіў Гаўрош.
Спакой хлопчыка вярнуў і Манпарнасу яго звычайнае самаўладанне. Робячы выгляд, што пранікся поўным разуменнем дзіўнага адказу Гаўроша, ён заўважыў:
— У слане, дык у слане. А ці зручна там?
— Нішто, даволі зручна, — сказаў Гаўрош. — Там, па крайняй меры, хоць не дзьме так, як пад мастамі.
— А як ты туды ўлязаеш?
— А вельмі проста — вазьму ды і ўлезу.
— Такім чынам, там ёсць пралаз? — пытаў далей Манпарнас.
— Ёсць. Толькі пра гэта нікому не трэба казаць. Пралаз паміж пярэдніх ног. Паліцэйскія гэтага не ведаюць.
- І ты карабкаешся туды, як кот, ці-ж не праўда?
— Ты ўгадаў. У момант, не паспееш абярнуцца, як