Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/364

Гэта старонка была вычытаная

мяне ўжо няма. Але для гэтых малышоў у мяне ёсць леснічка, — дадаў ён пасля хвіліннай паўзы.

Манпарнас рассмяяўся.

— А дзе ты прыдбаў гэтых малышоў? — запытаў ён.

Гаўрош проста адказаў:

— Гэта мне адзін цырульнік падарыў на ўспамін.

Манпарнас раптам задумаўся.

— Аднак, ты адразу мяне пазнаў, — заўважыў ён, нібы пра сябе.

З гэтымі словамі ён выняў з кішэні два нейкія прадметы, якія аказаліся трубачкамі з гусіных пер’яў, закручанымі ў вату, і ўсунуў іх сабе ў кожную наздру па адной. Ад гэтага нос яго набыў іншы выгляд.

— Вось гэта цябе зусім перафасоньвае, — заўважыў Гаўрош. — І вельмі падыходзіць табе. Табе трэба было-б заўсёды франціць з гэтымі штукамі. З імі ты не такі агідны.

Манпарнас быў прыгожы хлапец, але Гаўрош любіў пажартаваць.

— Жарты ў бок, як ты мяне цяпер знаходзіш? — запытаў Манпарнас.

Голас яго таксама зусім змяніўся. Наогул Манпарнас у момант ператварыўся да поўнай непазнавальнасці.

— Сапраўдны фокуснік! — ускрыкнуў Гаўрош. — Пакажы нам які-небудзь фокус.

Маленькія спадарожнікі Гаўроша, якія да гэтага часу не прыслухоўваліся да гутаркі „вялікіх“ і былі занятыя калупаннем сваіх насоў, пры слове „фокуснік“ раптам усхамянуліся і ўтаропіліся на Манпарнаса ў радасным чаканні, што ён пакажа ім якія-небудзь „штукі“. Але, на жаль, Гаўрош у гэты час абярнуўся і, уважліва абвёўшы навокал сваімі маленькімі бліскучымі вачыма, заўважыў за некалькі крокаў гарадскога сержанта, які стаяў да іх спіною.

— А! — працадзіў ён праз зубы і, паціскаючы руку Манпарнаса, дадаў шэптам: — Ну, пакуль бывай. Іду з хлапчукамі да слана. У выпадку, калі я табе спатрэблюся калі-небудзь ноччу, шукай мяне там. Кватэра мая на антрэсолях. Вартаўніка там не палагаецца. Запытай проста пана Гаўроша, і табе ўсе пакажуць.

— Добра, добра! — адказваў Манпарнас.

І яны рассталіся. Манпарнас накіраваўся да Грэўскай плошчы, а Гаўрош — далей, да самай Бастыліі. Ён трымаў за руку старэйшага хлопчыка, які, у сваю чаргу, вёў малодшага. Апошні некалькі разоў абарачваўся, каб паглядзець услед „фокусніку“.