Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/367

Гэта старонка была вычытаная

цалкам давяраючыся гэтаму маленькаму правідзенню ў лахманах, якое ўжо накарміла іх і абяцала даць ім начлег.

За агарожай ва ўсю яе даўжыню ляжала лесніца, якая служыла днём для рабочых на суседняй пабудове. Гаўрош з незвычайнай для яго год сілай падняў гэтую лесніцу і прыставіў яе да пярэдніх ног слана. Каля таго месца, куды дасягала лесніца, у бруху слана зіяла нешта накшталт цёмнай ямы.

Гаўрош паказаў сваім спадарожнікам на лесніцу і на яму і сказаў ім:

— Ну, лезце і ўваходзьце ў тыя вунь дзверы, што відаць уверсе.

Хлопчыкі ў жаху пераглянуліся.

— Ага! Спужаліся, хлапчукі! — ускрыкнуў Гаўрош. — Глядзіце, як гэта робіцца!

І, абхапіўшы шурпатую нагу слана, ён умомант, не карыстаючыся лесніцай, апынуўся наверсе і з шпаркасцю вужа схаваўся ў западзіне, а праз некалькі хвілін дзеці ўбачылі, як у цемры западзіны белай зданню абрысаваўся яго бледны твар.

— Ну, улязайце цяпер і вы, птушаняткі! — крыкнуў ён ім. — Вы ўбачыце, як тут добра... Лезь ты першы, — звярнуўся ён да старэйшага хлопчыка. — Я табе дапамагу.

Хлапчукі падштурхвалі адзін аднаго. Гаўрош выклікаў у іх адначасова і страх і давер’е; у саюзе з праліўным дажджом узяло верх апошняе пачуццё, і хлопчыкі адважыліся на тое, што здавалася ім сапраўдным геройскім учынкам. Першым палез наверх старэйшы. Бачачы сябе пакінутым між вялізных лап страшнага звера, малодшы хацеў заплакаць, але не адважыўся. Між тым, старэйшы з жахам узбіраўся ўсё вышэй і вышэй па перакладзінах лесніцы. Гаўрош заахвочваў яго пахвальнымі выгукамі, нібы фехтавальны настаўнік сваіх вучняў ці паганяльшчык сваіх мулаў:

— Смялей!.. Вось так!.. Не бойся!.. Стаў цяпер нагу вось сюды!.. Давай руку!.. Ну, яшчэ крыху!..

І, калі хлопчык быў ужо даволі блізка да яго, Гаўрош з сілаю пацягнуў яго за руку да сябе і сказаў:

— Вось так, малайчына!

Прымусіўшы потым хлопчыка спусціцца ў яму, ён дадаў:

— Цяпер, судар, калі ласка, прашу садзіцца. Будзьце як дома і чакайце мяне.

Са спрытам і з шпаркасцю малпы ён выбраўся з западзіны, каўзануўся па назе слана ўніз, у густую траву, падхапіў там меншага хлопчыка і паставіў яго адразу на