Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/376

Гэта старонка была вычытаная

кінуліся на рашотку. На шчасце, хлопчыкі ўжо моцна спалі і нічога не чулі.

Гадзіны ішлі за гадзінамі. Цемра ахутвала вялізную плошчу Бастыліі. Халодны, сапраўдны зімовы вецер, змешаны з дажджом, бушаваў, як у стэпу. Патрулі аглядалі вароты, алеі, агарожаныя месцы, цёмныя закавулкі і ў пошуках за начнымі брадзягамі моўчкі праходзілі каля слана. Застыўшы ў сваёй нерухомай позе, з шырока расплюшчанымі вачыма, страшыдла здавалася пагружаным у раздум’е аб той добрай страве, якую яно зрабіла, даўшы прытулак, схаваўшы ад непагадзі і ад людзей бедных дзяцей, якія соладка цяпер спалі ў ім.

Каб зразумець тое, пра што зараз будзе гутарка, трэба ведаць, што ў апісваемую эпоху гаўптвахта Бастыліі змяшчалася на другім канцы плошчы, адкуль не магло быць заўважана часавымі нічога, што рабілася вакол слана.

У канцы той гадзіны, якая непасрэдна папярэднічае золаку, з вуліцы Сент-Антуан таропка вышаў на плошчу Бастыліі нейкі чалавек. Агледзеўшыся навокал, ён бягом накіраваўся праз плошчу да Ліпеньскай калоны, абкружыў яе і праслізнуў праз палісаднік пад бруха слана. Калі-б якое-небудзь святло азарыла гэтага чалавека, то можна было-б заўважыць, што ён увесь прамок, правёўшы, відавочна, усю ноч пад дажджом. Дабраўшыся да слана, ён выціснуў нейкі дзіўны крык, які мог-бы быць дасканала паўтораны хіба толькі папугаем. Ён два разы паўтарыў гэты крык, аб якім наступнае злучэнне літар можа даць прыблізнае ўяўленне: „Кірыкікіу!“

На паўторны крык з бруха слана адгукнуўся малады, ясны і вясёлы голас:

— Тут!

Пасля гэтага дошка, што закрывала адтуліну ў слане, адсунулася, і з-за яе паказаўся хлопчык, які спрытна слізгануў уздоўж нагі слана і саскочыў з яе ніжняй аканечнасці на зямлю. Хлопчык гэты быў Гаўрош, а той хто выклікаў яго — Манпарнас.

Напэўна крык Манпарнаса быў умоўны і азначаў: „Ці тут ты, Гаўрош?“

Пачуўшы гэты крык праз сон, хлопчык адразу-ж усхапіўся, выпаўз з свайго „алькова“, рассунуўшы крыху сець, потым зноў старанна засунуў і замацаваў яе; пасля гэтага, ён адкрыў люк і спусціўся ўніз.

Манпарнас і Гаўрош адразу пазналі адзін аднаго ў начной цемры.

Манпарнас абмежаваўся словамі: — Ты нам патрэбны. Ідзі, дапамажы нам крыху.