Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/381

Гэта старонка была вычытаная

часавы яго „маладосцю і вясковай тупасцю“. Праз дзве гадзіны, гэта значыць у чатыры гадзіны раніцы, калі з’явіліся змяніць новабранца, апошні так моцна спаў, расцягнуўшыся пластом на падлозе каля клеткі Тэнард’е, што не было ніякай магчымасці разбудзіць яго. Самога-ж Тэнард’е і след прастыў. Пасля яго асталіся толькі разбітыя кайданы на каменнай падлозе клеткі. У столі была прабіта адна адтуліна, а над ёю, у даху, — другая. У ложку не хапала адной дошкі, якую бягляк, напэўна, знёс для чаго-небудзь з сабой, таму што яе нідзе не знайшлі. У клетцы аказалася палова бутэлькі са снатворным пітвом, пры дапамозе якога ён усыпіў часавога. Штык салдата знік.

У тую хвіліну, калі ўсё гэта высвятлялася, усе былі ўпэўнены, што Тэнард’е паспеў ужо схавацца і што ўсякія пошукі будуць бескарысны. У сапраўднасці-ж ён, хоць і знаходзіўся па-за сценамі Новага будынка, быў яшчэ вельмі блізка ад іх і не ў поўнай бяспецы.

На павароце з вуліцы Бале на вуліцу Караля Сіцыліі, з правага боку, знаходзілася глухая пустка. У мінулым веку там стаяў дом, ад якога асталася адна задняя сцяна трывалай каменнай кладкі, што была на адным узроўні з трэцімі ярусамі суседніх дамоў. Гэтую руіну лёгка можна пазнаць па двух чатырохкутных вялікіх вокнах, якія захаваліся да гэтага часу. Адно з гэтых вокнаў, тое, што бліжэй да правага боку, было перагароджана старою, паточанай чарвямі бэлькай, накшталт падпоркі. Праз гэтыя вокны калісьці была відаць высокая пахмурая сцяна турэмнага дазора.

Вакол пусткі цягнуўся плот з гнілых дошак, падпёрты пяццю каменнымі тумбамі. Да сцяны былога дома прылягаў невялікі барак. У плоце была фортка, якая некалькі год таму назад запіралася толькі на засаўку.

На версе сцяны гэтай пусткі і апынуўся Тэнард’е ў чацвёртай гадзіне ночы. Як ён туды прабраўся, гэтага ніхто не мог зразумець. Напэўна, навальніца з маланкай і громам і дапамагала яму і перашкаджала ў адзін і той-жа час. Ці не скарыстаў ён рыштаванні дахаўшчыкоў, каб прабрацца з даха на дах, з агарожы на агарожу да будынка двара Карла Вялікага, потым да будынкаў двара Сен-Луі, адтуль да сцяны дазора, а потым ужо і на сцяну пусткі? Але на гэтым шляху былі такія прорвы, якія здаваліся непраходнымі. Магчыма, ён прыладзіў дошку, узятую ім з ложка, накшталт маста паміж крышай Бель-Эра і сцяны дазора і, перайшоўшы па такім ненадзейным мосце на гэтую сцяну, прапоўз па ёй вакол усёй турмы да сцяны пусткі? Але сцяна дазора прадстаўляла ломаную, зубчастую