Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/385

Гэта старонка была вычытаная

на версе якога-небудзь даха ці сцяны; дзеля таго, каб стрымаць данае яму слова, яны рыскавалі ўласнай скурай. Але страшэнны лівень і працінаючы холад, наскрозь прамоклае адзенне, дрэнны абутак, перапалох, які пачаўся ў турме, блізкасць часавога, згаслая надзея і абуджаны страх за свой уласны лёс — усё гэта разам з набліжэннем часу світання падштурхвала іх да адступлення. Нават сам Манпарнас, які часткова даводзіўся зяцем Тэнард’е, пачаў хістацца. Яшчэ хвіліна — і яны ўсе пайшлі-б. Тэнард'е задыхаўся на сваёй сцяне, як чалавек, які прысутнічае пры крушэнні таго плыта, што павінен быў выратаваць яго і выцягнуць з марскога бяздоння.

Ён не адважваўся гукнуць таварышоў: крык яго мог быць пачуты часавым, тады ўсё загінула-б. Раптам у яго з’явілася шчаслівая думка, і яму бліснуў апошні прамень надзеі.

Ён выхапіў з кішэні абрывак вяроўкі Бружона, знойдзены ім на коміне Новага будынка, калі ён вылез на дах; ён кінуў гэты абрывак уніз, і той упаў проста ля ног яго таварышоў.

— Эге, ды гэта-ж вяроўка! — ускрыкнуў Бабэ.

— Ды яшчэ майго вырабу, — сцвердзіў Бружон, нахіліўшыся і разглядаючы скінуты прадмет.

— Значыць, ён тут, — здагадаўся Манпарнас.

Усе ўзнялі вочы. Тэнард’е крыху высунуў галаву з таго месца, дзе ён ляжаў.

— Хутчэй! — скамандаваў Манпарнас. — Другі канец вяроўкі ў цябе, Бружон?

— Зразумела, не кінуў-жа я яго!

— Ну, дык звяжы абодва канцы. Мы ўскінем яму вяроўку, а ён прымацуе яе да сцяны і злезе па ёй.

— Я ўвесь скалеў, — прастагнаў Тэнард’е зверху.

— Нічога, пагрэешся, — адказалі яму знізу.

— Я не магу паварушыцца.

— Ты толькі пачынай злязаць, а ўжо мы цябе падхопім упару.

— Ды ў мяне пальцы здрантвелі.

— Як-небудзь прымацуй толькі вяроўку да сцяны.

— І гэтага не магу.

— Трэба каму-небудзь з нас узлезці да яго, — сказаў Манпарнас таварышам.

— Высакавата! — заўважыў Бружон.

Стары каменны комін, што служыў для печы, якую калісьці палілі ў старым бараку, цягнуўся ўздоўж сцяны амаль да таго месца, дзе знаходзіўся Тэнард’е. Гэты комін, ужо ў той час патрэсканы і напалову абвалены, з таго