Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/397

Гэта старонка была вычытаная

Марыус не зразумеў патаемнага сэнсу гэтых слоў старога, які хацеў, каб ён кінуўся яму на шыю. Жыльнарман гаварыў сабе, што вось зараз унук яго ўцячэ з прычыны яго жорсткіх і грубых слоў, і гэта прыводзіла яго ў роспач і гора гэта так абурала яго, што ён рабіўся яшчэ грубейшы.

— Ну, скончым хутчэй, — сказаў ён з прыкрасцю. — Вы прышлі прасіць мяне аб нечым. Гаварыце, чаго вы просіце.

— Я прышоў прасіць вас, — адказаў Марыус з выглядам чалавека, які кідаецца ў бяздонне, каб вы дазволілі мне жаніцца.

Стары зірнуў на ўнука, потым моўчкі дайшоў да свайго крэсла і зноў сеў у яго.

— Вы хочаце жаніцца, — пачаў ён. — У дваццаць адзін год жаніцца! Вы ўсё ўжо ўладзілі і чакаеце толькі майго дазволу? Садзіцеся, калі ласка. Вы ведаеце, што з таго часу, як мы з вамі разлучыліся, адбылося шмат пераваротаў у палітычным свеце. Вам, як барону, яны павінны падыйсці да густу. Ітак, вы хочаце жаніцца? З кім? Ці магу я задаць гэтае няскромнае пытанне.

Ён спыніўся і, перш чым Марыус паспеў адказаць, дадаў з ярасцю:

— Значыць, вы саставілі сабе кар’еру, у вас ёсць сродкі? Колькі зарабляеце вы, як адвакат?

— Нічога, — адказаў Марыус з нейкай суровай цвёрдасцю і рашучасцю.

— У такім выпадку нявеста ваша багатая?

— Таксама, як і я.

— Як, без пасагу!? Дык у будучым ёсць што-небудзь?

— Не думаю.

— Хто-ж яе бацька?

— Не ведаю.

— А як яе завуць?

— Мадэмуазель Фашлеван.

Жыльнарман праказаў нібы пра сябе.

— Вельмі добра. Дваццаць адзін год, без кар’еры, ні граша за душою, і баранеса Панмерсі будзе бегаць у краму і купляць зеляніны на два су!

— О, упрашаю вас, — ускрыкнуў Марыус у роспачы апошняй, знікаючай надзеі і склаўшы рукі, — на каленях прашу: дазвольце мне жаніцца з ёй!..

Стары засмяяўся злавесным і прарэзлівым смехам і праказаў кашляючы:

— А-а, вы пра сябе рашылі: „Пайду вось да гэтага старога хрыча і скажу яму: „Стары дурань, ты рады мяне