Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/399

Гэта старонка была вычытаная

Стары слухаў юнака, захапляючыся гукамі яго голаса і ззяючым тварам. Нарэшце, ён сказаў:

— Дык ты закаханы. Гэта добра. Гэта лепш, чым займацца рэволюцыяй. Паненкі прымаюць цябе спотайку ад бацькі. Гэта таксама нядрэнна; са мной у маладосці гэта не раз здаралася. Толькі нашто-ж спяшацца і зараз-жа бегчы да мэра? Трэба быць разважлівым. Табе трэба грошы, я табе іх дам, колькі хочаш, але глупствы рабіць, калі можна абыйсціся без іх і весела праводзіць час, — гэта зусім лішняе. Разумееш?..

Марыус, здзіўлены і бязмоўны, адмоўна паматаў галавою.

Стары рассмяяўся, падміргнуў вокам і пляснуў яго па каленку. Потым з пяшчотай праказаў, паціснуўшы плячыма:

— Дурненькі! Зрабі яе сваёй каханай.

Марыус збялеў. Ён нічога не зразумеў з гутаркі старога. Але апошнія словы ўдарылі яго ў сэрца, як лязом кінжала. Ён устаў з крэсла, узяў свой капялюш і цвёрдым, упэўненым крокам накіраваўся да дзвярэй. З парога ён абярнуўся, нізка пакланіўся дзеду, узняў галаву і сказаў:

— Пяць год таму назад вы абразілі майго бацьку. Сёння абражаеце маю жонку. Я нічога больш не прашу ў вас. Бывайце!

Стары Жыльнарман сядзеў, як уражаны громам, разявіўшы рот і выцягнуўшы наперад рукі. Ён зрабіў намаганне, каб падняцца, але не мог. Дзверы зачыніліся, і Марыус знік.

Некалькі хвілін стары яшчэ аставаўся нерухомы; нарэшце, ён сарваўся з месца, падбег, на колькі хапіла ў яго сілы, да дзвярэй і закрычаў:

— Памажыце, памажыце!

Выбеглі дачка і слуга. Ён усё крычаў з нейкім жалкім хрыпам:

— Бяжыце па яго! Трымайце яго! Што я яму зрабіў! Ён звар’яцеў, ён уцякае! Ах, божа мой, божа мой! Цяпер ён ніколі больш не вернецца.

І, адчыніўшы акно, ён высунуўся з яго амаль да палавіны і закрычаў на ўвесь голас:

— Марыус! Марыус! Марыус!

Але Марыус не мог яго болыш пачуць. Ён у гэты час быў ужо на другой вуліцы. Стары некалькі разоў сціснуў галаву рукамі з выразам роспачы. Потым, хістаючыся, упаў у крэсла, нерухома, бязгучна, без слёз, трасучы галавою і варушачы губамі, са збянтэжаным позіркам.

У вачах і ў сэрцы ў яго нічога не было, апрача глыбокай і беспрасветнай ночы.