Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/400

Гэта старонка была вычытаная

ХXX

ПЕРАД НАВАЛЬНІЦАЙ

У гэты самы дзень, гадзін каля чатырох, Жан Вальжан сядзеў на адным з самых адзінотных адкосаў Марсава поля. Часткова з-за асцярожнасці, часткова з-за жадання быць аднаму і проста з прычыны змянення прывычак ён цяпер вельмі рэдка гуляў з Казетай. На ім была рабочая куртка і шапка з вялікім казырком, якая напалову хавала яго твар.

Ён быў цяпер спакойны і шчаслівы адносна Казеты. Усе трывогі і апасенні яго зніклі. Але ў апошнія два тыдні непакой зноў ахапіў яго. Аднойчы, праходзячы па бульвару, ён убачыў Тэнард’е, які толькі дзякуючы вопратцы не пазнаў яго. Але з таго часу Жан Вальжан не раз сустракаў былога шынкара і пераканаўся, што Тэнард’е бадзяецца ў ваколіцах вуліцы Плюме.

Гэтага было даволі для таго, каб ён ужыў сур’ёзныя захады. Тэнард’е блізка — гэта ўсе небяспекі разам. Да таго-ж і ў Парыжы было неспакойна. Палітычныя смуты вельмі непрыемны для тых, у каго ёсць падстава хаваць што-небудзь у сваім жыцці, бо ў гэты час уся паліцыя на нагах і вельмі падазроная і чуткая. Жан Вальжан рашыў пакінуць Парыж і нават Францыю і перабрацца ў Англію.

Ён папярэдзіў аб гэтым Казету. Ён хацеў выехаць на працягу тыдня.

Цяпер ён задуменна сядзеў на ўзгорку і бязладна перабіраў у мазгах Тэнард’е, паліцыю, ад’езд і цяжкасці пры атрыманні пашпарта. Усё гэта было вельмі клапатліва. Апрача таго, яго непакоіла адна рэч, якой ён не мог знайсці тлумачэння, і якая вельмі трывожыла яго.

Раніцою гэтага-ж дня, устаўшы вельмі рана, ён гуляў у садзе пад вокнамі Казеты, як раптам убачыў на сцяне свежанадрапаныя словы: „Вуліца Варэры, № 16“. Гэта, напэўна, было напісана ноччу. Але што-б гэта такое значыла? Чый-небудзь адрас? Які-небудзь знак? Папярэджанне для яго? Ва ўсякім выпадку відавочна, што нехта быў тут у садзе. І ён успомніў аб дзіўных гуках, якія ўстрывожылі ўжо раз Казету.

Баючыся напалохаць яе, ён нічога не сказаў ёй аб сваім адкрыцці і сам пачаў ствараць розныя меркаванні.

Сярод сваіх дум ён заўважыў упаўшы на зямлю поруч з ім цень, нібы хтосьці спыніўся ў яго за спіной. Ён хацеў абярнуцца, як раптам ля ног у яго упаў у чатыры разы складзены шматок паперы, нібы хто кінуў яго цераз