Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/413

Гэта старонка была вычытаная

нага камандзіра Шалэ, другім — глухую старую, якая запірала сваё акно, што выходзіла на вуліцу Кантрскарп, а трэцім абпаліла аднаму афіцэру эпалету. Нейкая жанчына закрычала: „Надта ўжо рана пачынаюць!“ Раптам на процілеглым баку Марланскай наберажнай паказаўся драгунскі эскадрон, які з усёй сілы імчаўся з казармаў па вуліцы Басамп’ер і па бульвару Бурдон, энергічна пракладаючы сабе шлях у натоўпе.

Пачатак быў пакладзены. Бура разражаецца, каменне ляціць градам, грукоча пальба са стрэльбаў; многія кідаюцца з наберажнай у ваду і перапраўляюцца ўплаў праз маленькі рукаў Сены, зараз засыпаны. Лясныя двары вострава Луўе, гэтай абшырнай прыроднай цытадэлі, ужо шчаціняцца байцамі; страляюць з пісталетаў, вырываюць шасты, будуецца барыкада; моладзь, адштурхоўваемая назад, без аглядкі бяжыць з труною Ламарка праз Аўстэрліцкі мост, адбіваючыся ад муніцыпальнай гвардыі; прыбягаюць карабінеры, драгуны сякуць шаблямі. Натоўп рассейваецца па ўсіх кірунках, шум вайны разносіцца па ўсіх чатырох канцах Парыжа, крычаць: „Да зброі!“, бягуць, спатыкаюцца, хаваюцца, абараняюцца. Гнеў раздувае мяцеж, як вецер раздувае агонь.

Паўстанне — адна з самых незвычайных з’яў. Яно заўсёды выбухае адначасова ва ўсіх месцах. Грозная справа, да якой прымешваецца штосьці накшталт злавеснай весялосці. Пачынаецца звычайна з крыкаў, потым зачыняюцца крамы, выстаўкі тавараў знікаюць, там і сям чуюцца адзіночныя стрэлы, людзі бягуць, удары прыкладамі патрасаюць вароты, чуваць, як у глыбіні двароў смяюцца служанкі, прыгаварваючы: „Ну, будзе пацеха!“

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як амаль адначасова ў дваццаці розных пунктах Парыжа ўжо бушавалі абураныя масы людзей. На вуліцы Сент Круа дэ-ла Брэтанеры група ў дваццаць маладых людзей з бародамі і доўгімі валасамі ўвайшла ў харчэўню і праз хвіліну вышла адтуль, несучы даўгаваты трохкёляровы сцяг, пакрыты крэпам, і маючы на чале ўзброеную тройку: аднаго з шабляй, другога з ружжом, трэцяга з пікай. На вуліцы Наненд’ер лысы тоўсты чалавечак, чорнабароды, з высокім ілбом, з густымі вусамі, голасам, падобным да трубы, прапаноўваў усім праходзячым патроны. На вуліцы Сент-П’ер Манмартр людзі з закасанымі рукавамі дэманстравалі з чорным сцягам, на якім быў надпіс: „Рэспубліка або смерць“. На вуліцы Жэнеў, на вуліцы Кадран, на вуліцы Мантаргель, на вуліцы Мандар з’яўляліся групы людзей, размахваючы сцягамі, на якіх красаваліся шытыя золатам нумары і назвы секцый. Адзін з