Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/417

Гэта старонка была вычытаная

У некаторых палках салдаты былі ў нерашучасці, што яшчэ больш узмацняла страшэнную пахмурасць крызіса. Гэтыя салдаты памяталі народную авацыю, якая спаткала ў ліпені 1830 года нейтралітэт 53-га лінейнага палка. Камандзірамі іх былі два неўстрашымыя чалавекі, выпрабаваныя ў сапраўдных войнах: маршал Д-Лабо і генерал Бюжо, прычым апошні быў падначалены першаму. Вялізныя патрулі, якія складаліся з пяхотных батальёнаў, замкнутых у цэлыя роты нацыянальнай гвардыі з паліцэйскім камісарам у шарфе спераду, аб’язджалі ахопленыя мецяжом вуліцы. З свайго боку, мяцежнікі таксама расстаўлялі каравулы на скрыжаваннях вуліц і адважна пасылалі патрулёў за лінію барыкад. З абодвух бакоў сачылі. Урад, трымаючы ў руках армію, яшчэ хістаўся. Надыходзіла ноч, і разносіўся гук набатнага звону званіцы Сен-Меры. Тагачасны ваенны міністр, маршал Сульт, які бачыў Аўстэрліц, глядзеў на ўсё гэта вельмі сумна. Гэтыя старыя воіны, якія прывыклі манеўраваць у правільных бітвах, абапіраючыся толькі на правілы тактыкі гэтага компаса бітвы, вылятаюць самі з сядла перад хваляю народнага гневу. Віхрам рэволюцыі кіраваць нялёгка.

Нацыянальная гвардыя ваколіц Парыжа паспешліва бязладнымі натоўпамі з’яўлялася ў горад. Батальён 12 палка лёгкай кавалерыі прымчаўся з Сен-Дэні, з Курбвуа з’явіўся 14 пяхотны полк, батарэі ваеннай школы занялі пазіцыю ў Каруселі, з Венсена везлі пушкі.

Тюільры пусцеў, але Луі-Філіп[1] быў абсалютна спакойны.

Мы ўжо гаварылі, што Парыж на працягу двух год бачыў не адно паўстанне. Звычайна ў час мецяжу агульная фізіяномія Парыжа астаецца на дзіва спакойная; мяцеж абмяжоўваецца толькі пэўнымі пунктамі. Гэты горад хутка асвойваецца з усімі з’явамі. Вялікая важнасць — мяцеж! Парыж з-за такіх глупстваў не турбуецца. Толькі адны іспалінскія гарады і могуць мець такія дзіўноты, толькі ў такіх неабсяжных агарожах і можа сумяшчацца адначасова міжусобная вайна з агульным спакоем. Звычайна, калі пачынаецца паўстанне, калі барабаны б’юць трывогу і збор, абываталь абмяжоўваецца заўвагай: „Здаецца, б’юцца на вуліцы Сен-Мартэн“, або назаве прадмесце Сент-Антуан і часам дадасць „Недзе ў тым баку“. Пазней, калі робіцца вельмі чутным злавесны рассыпчаты трэск мушкетных стрэлаў і залпаў

  1. Луі-Філіп — герцаг Орлеанскі, сын Філіпа Эгалітэ, аднаго з тытулаваных прыстасаванцаў Французскай рэволюцыі. У 1830 г. узведзены ў каралі французскімі банкірскімі дамамі, быў звергнуты февральскай рэволюцыяй 1848 г., уцёк у Англію, дзе займаўся выкладаннем французскай мовы.