Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/432

Гэта старонка была вычытаная

Ён схаваў запісную кніжку ў кішэню і паклікаў Гаўроша.

— Бачыш гэтае пісьмо? — запытаў Марыус.

— Бачу.

— Вазьмі яго і зараз-жа занясі па адрасу, мадэмуазель Казеце Фашлеван на вуліцу Ом Армэ, нумар сем.

— А як-жа я пайду? — ускрыкнуў хлопчык. — У гэты-ж час могуць узяць барыкаду, а мяне тут не будзе.

— Барыкаду не возьмуць раней заўтрашняга поўдня, так што ты паспееш вярнуцца да таго часу назад, — адказваў Марыус.

— А калі я аднясу ваша пісьмо заўтра раніцою?

— Тады будзе занадта позна. Глядзі, не выйдзеш адсюль, таму што асада, напэўна, зноў пачнецца. Ідзі зараз-жа!

Гаўрош нічога не мог больш адказаць і, пачухваючыся, у нерашучасці стаяў перад Марыусам. Раптам ён падскочыў і схапіў пісьмо.

— Добра! — ускрыкнуў ён і бягом кінуўся на вуліцу. У яго з’явілася нейкая пэўная думка, якую ён, аднак, не выказаў Марыусу. Думка гэтая была наступная: „Цяпер толькі поўнач. Вуліца Ом Армэ адсюль недалёка. Я аднясу пісьмо і адразу-ж вярнуся назад, так што паспею ўпару“.

Напярэдадні гэтага самага 5 чэрвеня Жан Вальжан у суправаджэнні Казеты і служанкі Тусен пераехаў на вуліцу Ом Армэ. Там чакала яго страшэннае патрасенне.

Казета пакінула дом на вуліцы Плюме не без спробы супраціўляцца. У першы раз яе жаданні не супалі з жаданнямі Жана Вальжана. З аднаго боку, з’явілася пярэчанне, а з другога — цвёрдая рашучасць. Нечаканая парада: „пераязджайце“ зрабіла Жана Вальжана няўмольным; ён уявіў, што ўжо выкрыты, і што за ім сочаць. Казета прымушана была скарыцца.

Абодва прыбылі на вуліцу Ом Армэ, не сказаўшы ні слова адзін аднаму. Жан Вальжан быў так усхваляваны, што не заўважыў суму Казеты; Казета — такая засмучаная, што не звярнула ўвагі на непакой Жана Вальжана. Зусім сцямнела, калі яны прыехалі на кватэру. Хутка яны разышліся па сваіх пакоях і паклаліся спаць.

Чалавек заспакойваецца таксама хутка, як і пачынае хвалявацца. Ледзь толькі Жан Вальжан размясціўся ў сваёй новай кватэры, як трывога яго зусім знікла. Аддаленасць квартала, спакой і цішыня вуліцы рассеялі ўсе жахі Жана Вальжана, і ён уздыхнуў вольна. Хто мог знайсці яго тут? Вядома, ніхто.

Ён спаў вельмі добра. На другі дзень ён прачнуўся амаль вясёлы. Ён захапіўся абсталяваннем сваёй кватэры,