Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/453

Гэта старонка была вычытаная

— Грамадзяне! Зірніце ў будучае! Што мы бачым у ім? Вуліцы гарадоў, залітыя святлом, зялёную зямлю, брацтва народаў, справядлівасць людзей, старых, благаслаўляючых дзіцячыя гады, мінулае, пагодненае з сёнешнім днём, мысліцеляў на волі, поўную волю поглядаў. Чалавечае сумленне зробіцца бажэственым алтаром, не будзе нянавісці, настане брацтва ў школах і майстэрнях, праца, даступная для ўсіх, праца не як кара, а як законнае права, свет без войнаў, без праліцця крыві, век шчаслівых мацярэй! Скарыць матэрыю — вось першы крок; ажыццявіць ідэал — гэта другі. Падумайце пра тое, чаго ўжо дасягнуў прагрэс. Калісьці першыя чалавечыя расы з жахам бачылі перад сабою гідру на паверхні вод, драконаў, дыхаючых агнём, грыфаў — гэтых страшыдлаў паветранай стыхіі. Страшныя звяры панавалі над людзьмі. І, аднак, чалавек расставіў ім пасткі, гэтыя свяшчэнныя пасткі розуму, і аўладаў гэтымі страшыдламі. Гідру мы назвалі параходам, дракона мы назвалі паравозам, не сёння — заўтра мы заўладаем грыфам: мы ўжо трымаем у руках сакрэты паветранага балона. Настане дзень, калі гэтая Праметэева работа будзе скончана і чалавек прымусіць служыць сваёй волі хімерычную тройцу старажытнасці: ён зробіцца панам вады, агню і паветра. Ён зробіцца царом стыхіі, супернікам старадаўніх багоў. Дык смялей наперад!

Грамадзяне, куды мы ідзем? Мы імкнемся да адзінства народаў свету, мы імкнемся да чалавечага яднання. Далоў фікцыі! Далоў паразітызм! Сапраўднасць кіруецца ісцінай — вось наша мэта. Цывілізацыя павінна заняць верхавіны Еўропы, а потым яна павінна стаць у цэнтры мацерыка ў якасці сусветнага парламента розуму. І Францыя ў сваіх нетрах носіць зародкі гэтага вялікага будучага. Дзевятнаццаты век вынасіў у сабе гэты плод, і тое, што было лятуценнямі Эладэ, варта таго, каб быць ажыццёўленым Францыяй. Паслухай мяне ты, Фейі, сумленны рабочы, сын народу: ты — сын усіх народаў, і я паважаю цябе за гэта. Так, гэта ты выразна бачыш надыходзячыя часы. Так, твая праўда ва ўсім! Ты — сірата, у цябе няма ні бацькі, ні маці. Так, Фейі! І ты зрабіў сваім бацькам чалавечае права і сваёй маткай — людскую турму ўсяго свету. А цяпер ты прышоў сюды памерці, гэта значыць атрымаць трыумф.

Грамадзяне, што-б ні здарылася сёння, няхай то будзе наша паражэнне ці перамога, усёроўна мы творым рэволюцыю. Таксама, як пажар асвятляе горад, рэволюцыя азарае яркім полымем чалавечы род. Якую рэволюцыю мы творым? Я сказаў ужо: рэволюцыю Праўды. З пункту гледжання палітычнага існуе толькі адзін прынцып: вярхоўная