Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/470

Гэта старонка была вычытаная

слова „Сен-Сімон“, і гэтага было даволі, каб крыкнуць: „Смерць яму!“

6 чэрвеня 1832 года атрад мясцовых гвардзейцаў пад камандай Фаніко дзеля забавы пацяшаў сваю фантазію тым, што расстрэльваў групу Шанврэры праз дзесятага. Гэта было сцверджана пазнейшым следствам. Фаніко, энергічны і ўзбаламучаны, не сцярпеў і адкрыў агонь раней вызначанага часу. Азвярэўшы бачачы то чырвоны сцяг, то чорны сурдут, палічаны ім за чорны сцяг, ён гучна асуджаў камандзіраў за тое, што яны слаба вядуць атаку на рэволюцыянераў. Сам-жа ён знайшоў барыкаду зусім паспеўшай, а паколькі ўсё спелае павінна ўпасці, то ён рашыў паскорыць гэтае падзенне. Ён стаяў на чале такіх асоб, як ён, рашучых людзей (шалёных, як выразіўся адзін з сведак). Яго атрад, які расстраляў Жана Прувера, стаяў у авангардзе батальёна, што займаў рог вуліцы.

І ў тую хвіліну, калі гэтага менш за ўсё можна было чакаць, капітан кінуў сваіх людзей на барыкаду.

Гэтае наступленне, якое было выканана хутчэй па капрызу, чым па меркаваннях стратэгіі, дорага каштавала атраду Фаніко.

Не паспеў ён прайсці двух трацін вуліцы, як агульны залп з барыкады спаткаў яго. Чацвёра ў авангардзе, паражоныя ля самай барыкады, былі забіты, а смелы атрад, які быў не асабліва вытрыманы, павінен быў адступіць, пакінуўшы на бруку пятнаццаць трупаў. Хвіліна хістання дала магчымасць рэволюцыянерам зноў зарадзіць стрэльбы, а другі залп паспеў дагнаць гвардзейцаў раней, чым яны адышлі за прыкрыцце на рагу вуліцы.

Гэты атрад трапіў пад карцеч сваёй-жа гарматы, якая не атрымала загаду спыніць агонь да моманту выхаду атрада на лінію. Стрэлам сваёй-жа гарматы быў забіты і сам Фаніко.

Гэты напад, больш ярасны, чым сур’ёзны, узлаваў Анжальраса.

— Якія дурні! — крыкнуў ён. — Яны трацяць сваіх людзей і псуюць без толку нашы запасы зарадаў.

Анжальрас гаварыў, як сапраўдны генерал-рэволюцыянер, якім ён і быў на самай справе. Паўстанне і яго падаўленне дзейнічаюць няроўнай зброяй. Хутка знясільваючыся, паўстанне разлічвае толькі на пэўныя і абмежаваныя рэсурсы людзей і снараджэння. Яно не можа папоўніць страты ад забітага чалавека і страчанай лядункі. Падаўленне паўстання, маючы армію, не лічыць людзей і, маючы Венсен, не знаходзіцца ў залежнасці ад ліку стрэлаў.

Падаўленне паўстання робіцца лікам палкоў не меншым,