Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/474

Гэта старонка была вычытаная

мішэнню для стрэлаў, потым кінуцца на рэдут, як напярэдадні ўвечары, і, хто ведае, магчыма, нават узяць яго.

— Трэба, чаго-б гэта не каштавала, паменшыць шкоду, якая робіцца гэтымі пушкамі, — сказаў Анжальрас і потым крыкнуў: — Страляйце ў артылерыстаў!

Усе былі напагатове. Барыкада, якая так доўга да гэтага часу маўчала, адкрыла пякельны агонь: шэсць ці сем залпаў раздаліся адзін за адным; усю вуліцу зацягнула густым дымам, і праз некалькі хвілін скрозь гэты дым, навіслы, як туман, які праразалі агнявыя маланкі, можна было бачыць, што дзве трэці артылерыстаў ляжаць пад коламі пушак. Астатнія, між тым, па-ранейшаму вазіліся каля пушак з строгім спакоем, і толькі стрэлы раздаваліся адзін за адным шмат радзей.

— Вось гэта добра, — сказаў Басюэт, звяртаючыся да Анжальраса. — Гэта поспех.

Анжальрас паматаў галавой і сказаў:

— Яшчэ чвэрць гадзіны такога поспеху, і на ўсёй барыкадзе астанецца не больш як дзесяць патронаў.

Ёсць падстава меркаваць, што Гаўрош чуў гэтыя словы.

XLII

СМЕРЦЬ ГАЎРОША

Раптам Курфейрак убачыў кагосьці каля барыкады знадворку, на вуліцы, пад стрэламі.

Гаўрош узяў з шынка кошык з-пад бутэлек, вылез за барыкаду праз разрэз і спакойна перасыпаў у свой кошык патроны з патранташаў салдат нацыянальнай гвардыі, якія ляжалі забітыя ля самай барыкады.

— Што гэта ты там робіш? — запытаў Курфейрак.

Гаўрош узняў галаву.

— Я напаўняю кошык.

— Хіба ты не бачыш карцечы?

На гэта Гаўрош адказаў:

— Так, нібы дождж ідзе. Далей?

Курфейрак крыкнуў:

— Вярніся назад!

— Вось зараз, — адказаў Гаўрош і адным прыжком апынуўся пасярод вуліцы.

Рота Фаніко, адступаючы, пакінула за сабою цэлы рад трупаў. Каля дваццаці трупаў ляжалі ў розных месцах на зямлі па ўсёй вуліцы. Гаўрош бачыў перад сабою дваццаць патранташаў, што абяцала вялікі запас патронаў для барыкады.