Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/484

Гэта старонка была вычытаная

па-малу яго пачаў ахапляць жах. Цемра, якая абкружала яго, перадавалася яго розуму. Ён не ведаў, дзе ён. Кожны крок, які ён рабіў, мог быць яго апошнім крокам. Ці знойдзе ён выхад і ці выберацца адсюль? Магчыма, Марыус павінен памерці ад страты крыві, а ён ад голаду. І шкілеты іх астануцца тут і будуць знойдзены калі-небудзь у гэтай страшэннай цемры, у гэтым прадонні.

Раптам у адным месцы ён пасля цішыні, у якой апынуўся, пачуў над галавою гул. Ён зразумеў, што знаходзіцца пад часткаю горада, дзе рух экіпажаў не быў спынены барыкадамі. Ён ішоў ужо прыблізна з поўгадзіны не адпачываючы, толькі змяніў руку, якою падтрымліваў Марыуса. Цемра была страшэнная, як і раней, але ён ужо супакоіўся і трывога яго сцішылася.

У той-жа час у горадзе ўздоўж наберажнай Сены, недалёка ад моста Інвалідаў, адбывалася наступная сцэна. Два чалавекі ішлі адзін за адным на некаторай адлегласці, відавочна назіраючы і ўхіляючыся адзін ад аднаго. Той, што ішоў наперадзе, стараўся ўхіліцца і схавацца ад таго, што ішоў ззаду. Абодва ішлі ціха, не спяшаючыся, нібы кожны з іх баяўся сваёй паспешлівасцю прымусіць праціўніка паскорыць крокі. І звер і здабыча — кожны думалі пра сябе. Праследуемы прадстаўляў сабою вартую жалю, абадраную постаць; праследвальнік, наадварот, быў высокага росту, апрануты ў сурдут і меў суровы выгляд. Трапіць у яго рукі было небяспечна.

Наберажная была пустынная. Чалавек у сурдуце, убачыўшы пусты фіякр, які праязджаў міма, зрабіў фурману непрыкметны знак ехаць за імі. Фурман, здагадаўшыся, з кім мае справу, не адважыўся не паслухаць і, павярнуўшы назад, паехаў шагам. Той, хто ішоў наперадзе, не бачыў гэтага.

Абодва наблізіліся да спуску наберажнай уздоўж Елісейскіх палёў. Напэўна, абадранец разлічваў тут як-небудзь улізнуць. Але, на вялікае здзіўленне праследвальніка, афяра ўвесь час трымалася ракі і спускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Няўжо брадзяга хацеў утапіцца? Падняцца наверх не было магчымасці, таму што ў гэтым месцы не было больш ні спуску, ні лесніцы, а па тым кірунку, па якім ішоў бягляк, ён павінен быў апынуцца паміж адвеснай сцяной з аднаго боку і праследуючым яго чалавекам з другога. Ля сцяны, праўда, ляжала вялізная куча смецця і абломкаў; дык не мог-жа ён думаць схавацца за гэтай кучай?

Абадранец, між тым, дайшоў да гэтай іменна кучы і раптам знік. Праследвальнік, не бачачы афяры і думаючы, што і яна яго не бачыць, пайшоў вельмі хутка. За некалькі