Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/489

Гэта старонка была вычытаная

Перад ім стаяў чалавек.

Чалавек гэты апрануты быў у блузу і босы; чаравікі ён трымаў у левай руцэ і зняў іх, відавочна, для таго, каб нячутна падыйсці да Жана Вальжана.

Ні хвіліны не сумняваючыся, гэты апошні пазнаў Тэнард’е. Не гледзячы, аднак, на страшнае здзіўленне ад гэтай нечаканай сустрэчы, ён хутка аўладаў сабою і нічым не выдаў свайго стану. Ён чагосьці чакаў.

Тэнард’е не пазнаў свайго субяседніка, таму што Жан Вальжан стаяў спіною да святла. Жан Вальжан адразу ж зразумеў гэта і маўчаў. Тэнард’е загаварыў першы.

— Як ты выйдзеш адсюль? — запытаў ён.

Жан Вальжан маўчаў. Тэнард’е сказаў.

— Узламаць дзверы немагчыма, а выйсці табе неабходна.

— Гэта праўда, — вымавіў Жан Вальжан.

— Дык падзелімся папалам.

— Чагож ты хочаш?

— Ты забіў гэтага чалавека, гэта добра. Але затое ў мяне ёсць ключ ад дзвярэй. Я цябе не ведаю, але хачу дапамагчы. Ты, напэўна, прыяцель.

Жан Вальжан пачаў разумець. Тэнард’е лічыў яго за забойцу.

— Слухай, таварыш, — сказаў Тэнард’е. — Забіўшы гэтага чалавека, ты, напэўна, зірнуў у яго кішэні. Дай мне палавіну, а я табе адчыню дзверы. Паглядзі, вось і ключ.

І ён напалову высунуў з кішэні і паказаў Жану Вальжану вялізны жалезны ключ. Жан Вальжан быў здзіўлены.

— Ну, дык як-жа, скончым? — пачаў зноў Тэнард’е. — Ты бачыў ключ, цяпер пакажы мне грошы.

Гаворачы такім чынам, Тэнард’е, здавалася, усё чагосьці баяўся. Ён прыцішыў голас, часамі нават змаўкаў, нібы да чагосьці прыслухоўваючыся, быццам баяўся, што хто-небудзь яго пачуе.

— Сколькі-ж ты знайшоў пры ім? — запытаў ён.

Жан Вальжан пачаў капацца ў сваіх кішэнях. Як вядома, у яго была прывычка заўсёды мець пры сабе грошы; на гэты раз, аднак, ён, пераапранаючыся напярэдадні ў нацыянальны мундзір, забыў выняць з свайго сурдута партманет. У кішэні ў камізэльцы ён знайшоў усяго-на-ўсяго адзін залаты і некалькі дробных срэбных манет.

— Ну, не разжыўся-ж ты з яго, — заўважыў Тэнард’е, пералічыўшы грошы.

І ён сам пачаў бесцырамонна абмацваць кішэні Марыуса і Жана Вальжана. Жан Вальжан, галоўным чынам клапоцячыся аб тым, каб не паварочвацца да святла, даў яму