Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/491

Гэта старонка была вычытаная

поўную волю дзеянняў. Тэнард’е тым часам непрыкметна адарваў кавалак адзення Марыуса, разлічваючы, напэўна, пасля выкрыць забойцу з дапамогай гэтага кавалка.

Але ён нічога больш не знайшоў і, забыўшы пра ўмову падзяліцца папалам, паклаў усе грошы сабе ў кішэню і сказаў:

— Не варта забіваць людзей з-за такога глупства. А цяпер, сябра, ты павінен выйсці адсюль. Ты заплаціў за выхад.

І ён засмяяўся. Потым ён дапамог Жану Вальжану ўскласці Марыуса на плечы, падышоў на дыбачках да рашоткі, зрабіўшы знак Жану Вальжану ісці за ім, зірнуў праз перакладзіны і, прыклаўшы палец да губ, аставаўся некалькі хвілін у нерашучасці. Потым асцярожна ўсунуў ключ у замок і адпёр дзверы. Яны адчыніліся на сваіх петлях без ніякага шуму: відавочна, петлі добра былі намазаны і адчыняліся часцей, чым думалася. Клаака належала нейкай патаемнай шайцы; у праходах чутны былі сумныя крокі злачынства.

Тэнард’е адчыніў дзверы настолькі, каб прапусціць Жана Вальжана з яго ношкай, потым зараз-жа зноў зачыніў іх і два разы павярнуў ключ у замку, не робячы аніякага шолаху. Праз хвіліну ёк знік у цемры галярэі. Жан Вальжан апынуўся пад адкрытым небам.


XLVI

ЖАН ВАЛЬЖАН ЗЛОЎЛЕНЫ

Ён ціха паклаў Марыуса на зямлю.

Ён быў на волі. Міязмы, цемра, жах — усё гэта асталося ззаду за ім. Чыстае, здаровае паветра, якім дыхалася лёгка і вольна, абдымала яго з усіх бакоў. Вакол цішыня, але цішыня радасная, якая спускаецца ў летні вечар пасля захаду сонца. Настаў змрок, насоўвалася ноч, гэтая вялікая збавіцельніца, сябра ўсіх, хто мае патрэбу ў пакрыцці цемры, каб выйсці з трывогі. Неба бязмежна рассцілалася над галавою. Рака ласкава плёскалася ля яго ног. Некалькі зорак запалілася на зеніце. Ціхі вечар спаткаў Жана Вальжана ва ўсім сваім чароўным спакоі.

Некалькі хвілін аставаўся Жан Вальжан пад уражаннем гэтага ачаравання. Бываюць моманты забыцця; пакуты перастаюць мучыць няшчаснага; спакой ахапляе яго, як цёмная ноч, і ў гэтай цемры, падобна да нябёсаў, усеяных свяціламі, душа ззяе, як зорка. Задуменна аддаўся Жан Вальжан сузіранню гэтых неабсяжных нябёсаў над яго галавой,