Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/508

Гэта старонка была вычытаная

— Але як гэты дзядок папаў на вяселле, чорт вазьмі? Ведаеш, ты-б вышла з каляскі і прасачыла-б за вяселлем.

— Навошта гэта?

— Каб ведаць, куды яно паедзе і наогул што гэта за вяселле такое.

— Не магу я выйсці, мяне нанялі на цэлы дзень, — адказала дзяўчына.

— Мяне проста да шаленства даводзіць гэты стары з перавязанай лапай. Ён сядзіць у адной карэце з нявестай, значыць, ён бацька. Ну, слухай, дзеўка, не абавязкова патрэбна ведаць, куды яны паедуць. Я магу выходзіць на вуліцу толькі ў масцы, іначай паліцыя мяне адразу сцапае. Заўтра-ж пачынаецца вялікі пост, і масак ужо не будзе, так што ты пастарайся адшукаць сляды гэтага вяселля, чуеш, Азельма?

Дзяўчына кіўнула галавой. У гэты час экіпажы па абодвух баках вуліцы рухаліся ў сваім кірунку, і калымага, нагружаная маскамі, страціла з вачэй карэту з нявестай.

Ажыццявіць сваю мару! Каму гэта дано? Казета і Марыус былі такімі абраннікамі. Казета ў мэрыі і царкве была асляпляльная і чароўная ў сваім белым шлюбным плацці. Яе цудоўны тварык ззяў з-пад фаты і вянка з памеранцавых кветак на галаве. Гэта была нявіннасць, акружаная ззяннем.

Марыус, увесь у чорным, з старанна прычэсанымі прыгожымі кудрамі, быў цудоўны.

Дзед, у касцюме канца мінулага века, з высока ўзнятай гордай галавой, увёў пад руку нявесту ў царкву, таму што Жан Вальжан з-за хворай рукі не мог гэтага зрабіць.

Жан Вальжан, увесь у чорным, усміхаючыся, ішоў за імі.

Калі абрад скончыўся і маладыя, устаўшы з каленяў і трымаючыся за рукі, накіраваліся да шырока расчыненых дзвярэй царквы, Казета ўсё яшчэ не магла паверыць, каб гэта была праўда.

Яна глядзела на Марыуса, глядзела на натоўп, на неба і, здавалася, баялася прабудзіцца. Яна мела неўразуменны і здзіўлены выгляд, які рабіў яе яшчэ больш чароўнаю. На зваротным шляху яна і Марыус селі ў адну і тую-ж карэту. Супроць іх змясціліся Жыльнарман і Жан Вальжан.

— Дзеці мае, — сказаў дзед, — вось вы — пан барон і пані баранеса з трыццацю тысячамі ліраў даходу.

Казета, нахіліўшыся да Марыуса, прашаптала:

— Дык гэта праўда, — я твая жонка і нашу тваё імя?

Гэтыя абедзве істоты ззялі. Яны перажывалі непаўтаральны і адзіны ў жыцці момант, у якім злучаюцца ўсё юнацтва і ўся радасць яго. Гэта быў саюз ідэальны,