Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/513

Гэта старонка была вычытаная

і вельмі задаволены, што мы будзем жыць усе разам. Вы будзеце хадзіць гуляць з Казетай, як, памятаеце, тады, у Люксембургу, у тыя дні, калі я буду ў судзе. Вы будзеце прымаць удзел у нашым шчасці: чуеце, бацька? Ды вы-ж снедаеце з намі?

— Міласцівы гасудар, — сказаў Жан Вальжан, — я павінен паведаміць вам адну рэч: я — былы катаржнік.

Слух, як і розум, мае свае межы. Словы: „Я — былы катаржнік“, якія вырваліся з вуснаў пана Фашлевана і данесліся да вушэй Марыуса, пераходзілі гэтую мяжу. Марыус не чуў іх. Яму здалося, што Фашлеван нешта сказаў, але што такое, ён не ведаў. Ён стаяў збянтэжаны. Тады ён убачыў, што чалавек, які стаяў перад ім, быў страшны. Увесь пагружаны ў сваё шчасце, ён не заўважыў гэтай страшэннай бледнасці.

Жан Вальжан зняў з шыі павязку, развязаў палец і, паказваючы яго Марыусу, сказаў:

— Рука ў мяне зусім здаровая і ніколі не балела. Я не павінен быў прысутнічаць на вашым вяселлі і аддаляўся, наколькі было магчыма. Я выдумаў рану на руцэ, каб не падпісвацца пад дакументамі і не зрабіць іх такім чынам несапраўднымі.

— Што ўсё гэта азначае? — пралепятаў Марыус.

— Гэта азначае, што я быў на галерах, — адказаў Жан Вальжан.

— Вы прымушаеце мяне вар’яцець! — ускрыкнуў Марыус з жахам.

— Пан Панмерсі, — сказаў Жан Вальжан, — я дзевятнаццаць год прабыў на галерах за крадзёж. Потым быў прысуджаны на вечную катаргу зноў за крадзёж, як рэцэдывіст. У даную хвіліну я лічуся бегляком.

Дарэмна Марыус закрываў вочы на сапраўднасць, адмаўляў факт, не прызнаваў відавочнасці — прышлося здацца. Ён пачаў разумець і, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, зразумеў больш, чым было ў сапраўднасці. Ён уздрыгануўся ўсёй сваёй істотай, і адна думка пранізала яго мазгі. Ён убачыў для сябе ў будучым усе агіднасці свайго лёсу.

— Кажыце ўсё! Кажыце ўсё! — ускрыкнуў ён. — Вы — бацька Казеты?

І ён адступіў на два крокі назад з невымоўным жахам.

Жан Вальжан выпрастаўся, горда ўзняў галаву, так што, здавалася, ён яшчэ вырас у гэтую хвіліну.

— Неабходна, каб вы мне паверылі, — адказваў ён, — хоць клятва такіх людзей, як мы, не прызнаецца законам...

Ён на хвіліну змоўк, потым уладна і панура, напіраючы на кожнае слова, паволі праказаў: