Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/52

Гэта старонка была вычытаная

да заходзячага сонца, якое залаціла яго валасы і залівала барвяным святлом дзікі твар Жана Вальжана.

— Судар, — сказаў хлопчык з тым давер'ем, якое з'яўляецца сумессю няведання і нявіннасці, — дайце мне маю манету.

— Як цябе завуць? — запытаў Жан Вальжан.

— Пты-Жэрве[1], судар.

— Ідзі прэч, — сказаў Жан Вальжан.

— Судар, — запярэчыў хлопчык, — аддайце-ж мне мае грошы.

Жан Вальжан апусціў галаву і нічога не адказваў.

— Мае грошы, — паўтараў хлопчык.

Вочы Жана Вальжана, як і раней, былі накіраваны ў зямлю.

— Мая манета! — крычаў хлопчык. — Мая срэбная манета, мае грошы!

Здавалася, што Жан Вальжан нічога не чуў. Хлопчык тузануў яго за каўнер блузы. У той-жа час ён з сілай стараўся сапхнуць цяжкі чаравік, які стаяў на яго скарбе.

— Аддайце мне мае грошы, мае сорак су! — крычаў ён.

Хлопчык плакаў. Жан Вальжан падняў галаву і па-ранейшаму заставаўся сядзець. Вочы яго былі цмяныя. Ён паглядзеў на хлопчыка з нейкім здзіўленнем, потым схапіў свой кій і закрычаў страшэнным голасам:

— Хто тут?

— Я, судар, — адказаў Хлопчык. — Пты-Жэрве, я, я. Аддайце мне мае сорак су, калі ласка. Падніміце, калі ласка, нагу.

Потым, раззлаваўшыся, і прыняўшы амаль пагражаючы выгляд, ён закрычаў:

— Ці адсунеце вы сваю нагу? Зніміце яе прэч, чорт пабяры!

— А, гэта ўсё ты яшчэ? — ускрыкнуў Жан Вальжан і, падняўшыся раптам ва ўсю вышыню, стоячы ўсё яшчэ на манеце, ён дадаў: — Ці пойдзеш ты адсюль?

Спалоханы хлопчык зірнуў на яго, задрыжэў і кінуўся бегчы прэч з усіх ног, не адважваючыся ні заплакаць, ні азірнуцца назад.

Праз некалькі хвілін яго ўжо не было відаць.

Сонца зайшло. Усё пацямнела навакол Жана Вальжана. Цэлы дзень ён нічога не еў. У яго, напэўна, была ліхарадка.

Ён усё заставаўся стаяць. Няроўнае і адрывістае дыханне уздымала яго грудзі. Яго позірк, накіраваны на дзесяць

  1. Пты-Жарве — малыш Жэрве.