Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/531

Гэта старонка была вычытаная

гое дзіця. Казета, вось што я хачу табе сказаць. Ты ўбачыш, што грошы гэтыя цалкам твая ўласнасць. Вось у чым справа. Белы шклярус атрымліваўся з Нарвегіі, чорны з Германіі, а каменнавугальныя вырабы з Англіі. У Францыі можна рабіць лепш і больш танна чорны шклярус, і я прыдумаў гэты спосаб. Гэта і дало мне...“

Тут ён спыніўся. Пяро вывалілася з пальцаў, і з глыбіні яго душы вырвалася страшэннае рыданне. Ён узлакаціўся абодвума рукамі на стол, сціснуў галаву і задумаўся.

— О, — ускрыкнуў ён унутрана, — усё скончана! Я не ўбачу яе больш. Адну хвіліну, адно толькі імгненне пачуць толькі гук яе голаса, дакрануцца да яе сукенкі, зірнуць на яе і потым памерці! Яна-б усміхнулася мне, сказала-б адно толькі слова. Хіба каму-небудзь ад гэтага было-б дрэнна? Не, скончана назаўсёды. Я зусім адзінокі. Божа мой! Я яе не ўбачу больш!

У гэтую хвіліну хтосьці пастукаўся ў дзверы.

У той-жа самы вечар, ледзь толькі Марыус паабедаў і пайшоў да сябе, каб заняцца справамі, увайшоў слуга і падаў яму пісьмо, сказаўшы:

— Чалавек, які прынёс яго, чакае ў пярэдняй.

Казета з дзедам прагульваліся ў садзе.

Пісьмо, як і чалавек, можа мець дрэнны знадворны выгляд. Напісанае на грубай паперы, неакуратна складзенае, яно пры першым-жа позірку адштурхоўвае ад сябе. Пісьмо, паданае Марыусу, было іменна такога сорту.

Марыус узяў яго. Яно пахла тутуном.

Нішто не абуджае так успамінаў, як пах. Марыус пазнаў гэты тутун. Ён паглядзеў на адрас: „Пану Панмерсі, ва ўласным доме“. Пазнаўшы тутун, Марыус пазнаў і почырк. Гэта быў нібы пробліск маланкі. Усё адразу асвятлілася ў яго памяці.

Так, гэта тая самая папера, тое самае бялёсае чарніла, той-жа почырк, асабліва пах тутуну. Перад ім паўстала трушчоба Жандрэтаў. І вось, дзіўная гульня выпадка! Адзін з двух, сляды якога ён згубіў і якога не спадзяваўся знайсці больш, з’явіўся сам да яго.

Ён распячатаваў пісьмо і прачытаў:

„Пан барон!

Калі-б найвышні надзяліў мяне талентам, я мог-бы быць баронам Тэнарам, членам інстытута (Акадэміі навук), але я не зрабіўся ім. Я толькі дзякуючы выпадковасці нашу яго імя і палічу сябе шчаслівым, калі ўспаміны аб ім схіляць вас на маю карысць. Добрадзеянне,