Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/534

Гэта старонка была вычытаная

— Забойца і злодзей. Заўважце, пан барон, я не гавару тут аб справах даўніх, якія могуць быць загладжаны даўнасую перад законам і раскаяннем перад богам, Я гавару аб рэчах, якія здарыліся нядаўна, цяпер, але невядомых яшчэ правасуддзю. Такім чынам, я гавару далей. Гэты чалавек украўся вам у давер’е і амаль у вашу сям’ю пад фальшывым імем. Я назаву вам яго сапраўднае імя, і назаву яго дарэмна.

— Я слухаю.

— Яго завуць Жанам Вальжанам.

— Я гэта ведаю.

— Я таксама дарэмна скажу вам, хто ён такі.

— Скажыце.

— Гэта былы катаржнік.

— Я гэта ведаю.

— З тае хвіліны, як я меў гонар паведаміць вам гэта.

— Не, я ведаў гэта раней.

Халодны тон Марыуса, яго падвойны адказ: „Я гэта ведаю“, яго лаканізм, які не дазваляе распаўсюджвацца, абудзілі ў невядомым глухі гнеў. Ён кінуў на Марыуса злосны позірк, які адразу-ж згас, але Марыус заўважыў і пазнаў яго.

Незнаёмы пачаў зноў з усмешкай:

— Не дазволю сабе супярэчыць пану барону. Ва ўсякім выпадку, вы бачыце, што я тое-сёе ведаю. Цяпер-жа тое, што я маю яшчэ паведаміць вам, ведаю толькі я адзін. Гэта датычыць багацця пані баранесы. Гэта незвычайная таямніца, і я магу толькі прадаць яе. Перш за ўсё назначаю за яе цану, недарагую: дваццаць тысяч франкаў.

— Я гэтую таямніцу ведаю таксама, як і ўсе астатнія, — сказаў Марыус.

Незнаёмы знайшоў неабходным знізіць суму і сказаў:

— Пан барон, пакладзіце дзесяць тысяч, і я вам скажу яе.

— Паўтараю, вы нічога не можаце паведаміць мне. Я ведаю ўсё, што вы хочаце мне сказаць.

У вачах суразмоўніка мільганула новая іскра.

— Трэба-ж мне, аднак, сёння паабедаць! — ускрыкнуў ён. — Кажу вам, што гэта незвычайная таямніца. Я вам скажу, пан барон. Дайце мне дваццаць франкаў.

Марыус пільна зірнуў на яго.

— Я ведаю вашу надзвычайную таямніцу, таксама-ж, як ведаў імя Жана Вальжана, таксама-ж як ведаю і ваша імя.

— Маё імя?

— Так.

— Гэта няхітра, пан барон. Я меў гонар назваць сябе вам — Тэнар.