Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/61

Гэта старонка была вычытаная

ўзрастала: ён замяніў зубы жартамі, валасы — ажыўленасцю, здароўе — іроніяй. Да таго-ж ён ва ўсім высокамерна сумняваўся, а гэта надае вялікую сілу ў вачах слабых.

Аднойчы Таламіес адвёў убок сваіх трох таварышоў і сказаў ім тонам аракула:

— Вось ужо год хутка, як Фантына, Далія, Зефіна і Фавурыт просяць нас зрабіць ім сюрпрыз. Мы ўрачыста абяцалі ім паднесці яго. Яны нам пастаянна напамінаюць пра гэта, асабліва мне. У той-жа час і бацькі просяць нас дадому. Дапякаюць з абодвух бакоў. Мне здаецца, што цяпер якраз час выканаць абяцанне. Давайце паталкуем.

На гэтым Таламіес прыцішыў голас, таямніча пачаў гаварыць пра штосьці такое вясёлае, што выбух поўнага захаплення рогату разам вырваўся з чатырох глотак, і Блашвель закрычаў:

— Вось гэта дык ідэя!

Па дарозе ім трапіўся шынок. Яны ўвайшлі ў зал, поўны дыму, у якім і згубіўся канец іх гутаркі.

Вынікам гэтай таямнічай нарады была бліскучая прагулка ў наступную нядзелю, на якую чацвёра маладых людзей запрасілі чацвёра маладых дзяўчын.

ХІV

ЧАТЫРЫ ПАРЫ

У гэты дзень яны ўсталі ў пяць гадзін раніцы. Потым у дыліжансе даехалі да Сен-Клу. Снедалі ў шынку Тэт-Нуар, гулялі ў парку і весяліліся ад душы.

Маладыя дзяўчаты шумелі і шчабяталі, як птушкі. Пагода была цудоўная, і ні адно воблачка не зацямняла блакітнага неба.

Усе чатыры маладыя дзяўчаты былі чароўныя, але Фантына была ўвасабленне радасці. Зубкі яе асляпляльна блішчэлі, калі яна смяялася. Белакурыя валасы ледзь стрымліваліся шпількамі і, здавалася, кожную хвіліну гатовы былі распусціцца. Ружовыя губкі ў захапленні штосьці лепяталі. Ва ўсім яе ўбранні было нешта зіхатлівае і ўрачыста-вясёлае. На ёй была барэжавая[1] сукенка мальвавага колеру, а зверху доўгі кісейны спенсер[2], які толькі-толькі пачынаў уваходзіць у моду. Стройная, высокая, элегантная. Фантына была красуняй, сама таго не заўважаючы. У гэтай нікчэмнай швейцы выступалі рысы антычнай грацыі і хараства.

  1. Барэжавае плацце — плацце з некручанай шэрсці.
  2. Спенсер — верхняя вопратка накшталт безрукаўкі.