Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

Такі быў новы бюджэт пана Мірыеля. Што датычыць да выпадковых епіскапскіх збораў, як напрыклад: царкоўных агалашэнняў, сабараванняў, шлюбаў і інш., то епіскап акуратна спаганяў іх з багатых і ўсё раздзяляў паміж беднымі.

Хутка да яго пачалі плысці грашовыя афяраванні. Багатыя і бедныя пачалі стукацца ў дзверы епіскапа Мірыеля: адны каб даць міластыню, а другія, каб яе атрымаць. Епіскап менш чым праз год зрабіўся казначэем усіх афяравальнікаў і касірам усіх бедных. Праз яго рукі праходзілі вельмі вялікія сумы, але нічога не магло змяніць яго раз на заўсёды ўстаноўленага распарадку жыцця, і ён нічога лішняга не прыбавіў да неабходнага. Нават больш. Паколькі галечы ўнізе заўсёды больш, чым брацкага спачуваняя ўверсе, то ўсё раздавалася, як кажуць, яшчэ задоўга да атрымання. Усё, што атрымлівалася знікала, як вада ў пяску. Колькі-б грошай епіскап не атрымліваў, усё гэта раздавалася і яму заўсёды нехапала. Тады ён урэзваў сябе.

Па звычаю епіскапы на сваіх пасланнях выстаўляюць поўнасцю свае імёны, атрыманыя імі пры хрышчэнні. Беднякі інстынктыўна з усіх імёнаў Мірыеля выбралі імя Б‘енвеню (заходзьце, калі ласка), якое мела ў іх вачах найвялікшы сэнс.

Мы зробім па іх прыкладу. Да таго-ж, гэтае імя падабалася і самому епіскапу. Мы не прэтэндуем на поўнае падабенства зробленага намі партрэта: мы абмяжуемся толькі заявай, што ён падобны.

III

МЯККАМУ ПАСТЫРУ — ЖОРСТКАЕ ПАСЬБІШЧА

Епіскап, ператварыўшы раз‘яздныя грошы ў міластыню, тым не менш рабіў свае пастырскія паездкі. Епархія Дынь была вельмі нязручная краіна для гэтага. Яна была вельмі гарыстая, дарог амаль ніякіх не было, і вандраванне па прыходах з‘яўлялася вялікай цяжкасцю. Калі было не вельмі далёка, то епіскап хадзіў пехатою; калі-ж адлегласць была значная, або ён адпраўляўся куды-небудзь у горы, то ён ехаў на цялежцы. Часам абедзве жанчыны суправаджалі яго.

У час гэтых аб‘ездаў ён быў спагадлівы, ласкавы і больш гутарыў, чым чытаў пропаведзі. Ён гаварыў павольна, бацькаўскім тонам, і калі яму не трапляліся пад руку прыклады, то выдумліваў прытчы, якія строга адпавядалі намечанай мэце. У іх было мала фраз і шмат вобразаў.

Гутарка епіскапа была вясёлая і ветлівая. Ён прыста-